Некаторыя звесткі аб гісторыі Свіры

1. Багі дахрысціянскіх часоў

Для нашых продкаў было характэрна шматбожжа. Адным з галоўных быў Пярун, бог грому і маланкі, дажджу, апякун вайсковай справы і княжацкай дружыны. Паданне сведчыць, што на Свірскай гары было капішча Перуну. Пакланяліся богу Вялесу (Валосу), які меў адносіны да жывёлагадоўлі і багацця, быў апекуном валхвоў, уладаром замагільнага свету. У многіх мясцінах захаваліся прысвечаныя яму вялізныя камяні, як, напрыклад, на Свіршчыне Скарбовы камень ля вёскі Іванкі. Богам веснавога росквіту і плоднасці лічылі Ярылу, багіняй дабрабыту, апякункай сямейнага жыцця была Цёця, дзявочай прыгажосці і кахання – Лёля. Пакланяліся і святому агню Знічу, які гарэў ва ўрочышчы Дубы на беразе Страчы.


2. Гаспадары свірскага дамена

У Аляксандра Свірскага (14 ст.) былі тры сыны: Івашка, Раман і Эрык, якія падзялілі свірскі дамен на тры часткі, якія павінны былі наследвацца іх нашчадкамі. Пятае пакаленне Свірскіх да пачатку 16 стагоддзя ўжо налічвала больш трыццаці спадчыннікаў і спадчынніц, між якімі ўладанні дзяліліся і, адпаведна, драбніліся. Многія надзелы набылі айконімы ад імён уладальнікаў: Лукашэвічы, Болькава, Міхалова, Людвінова, Марцінова, Свір Ляцкі, Свір Стэцкі, Якубавічы, Кузьмічы, Александрыя, Сідарышкі. У гэты перыяд многія Свірскія сталі паступаць на дзяржаўную службу ці да магнатаў, а свае надзелы распрадаваць. Іх набывалі Гаштальды, Радзівілы, Кабыліны, Роскія, Сяліцкія, Зяновічы, Некрашэвічы і іншыя.
Сын Рамана Ян у 1490 годзе запісаў свой свірскі дамен жонцы, якая пасля яго смерці вышла замуж за баярына Ка...ра Германовіча, які стаў ўладаром гэтага свірскага дамена.
Унук Івашкі Юхна ў 1528 годзе прадаў свой дамен Ю.М. Радзівілу, Эрыкаў дамен трапіў ў рукі Мсціслаўскіх. Так на некаторы час Свіра было страчана князямі Свірскімі.
Збіраць дзядоўшчыну пачаў прапраўнук Андрэя Лукаш Баляслававіч (1530 – 1595). Ён ў 1584 годзе адкупіў два двары ў Свіры ад Роскага, адкупіў Эрыкаву частку ад дзядзькі Людвіка Міхайлавіча і ўладанне Свіра зноў апынулася ў руках Свірскіх і было ў іх руках да 1820 года, да смерці самага апошняга князя Ігнацы Свірскага. У 1860 годзе Свіра ўпамінаецца як казённае мястэчка.


3. Уладары “Пасвір’я”

У чэшскага гісторыка-вандроўніка П.І. Шафарыка маецца цікавае сцверджанне, што на “Пасвір’і” было 325 гарадоў. У зносцы ён тлумачыць, што “горад” – гэта паселішча, пабудаванае на добра схаваным месцы і дадаткова агароджанае драўлянай сцяной для абароны ад прышэльцаў. Такая колькасць паселішчаў гаворыць аб шчыльнасці засялення Свіршчыны.
У 15 стагоддзі вялікімі маёнткамі і вёскамі ў наваколлі возера Свір валодалі князі Свірскія. Паводле свайго паходжання лічыліся адным з найдаўнейшых родаў не толькі на Ашмяншчыне, але і ў ВКЛ. Яны былі нашчадкамі племянных, потым удзельных князёў у гэтым рэгіёне. Паводле легендарных звестак, якія ставілі мэту прыдаць значнасць роду, род Свірскіх бярэ пачатак з Грэцыі ад Юлія Дарапрындуса герба Гіпакентаўр. Ён уяўляў сабой шчыт, на чырвоным полі якога знаходзіліся жоўтага колеру паўтулава лучніка і паўканя, хвастом якога служыць галава дракона. Унук Юлія Жывабунд княжыў у Дзяволтве, ажаніўся з дачкой князя Кернаса Паяце і ў 1200 годзе стаў князем Літвы. Яго сын Кукавойст меў Гілігіна, а ў апошняга быў сын Раман, які меў пяць сыноў. Адзін з іх, Даўмонт, стаў князем ўладання Нальман з цэнтрам ў Крэве, а яго брату дасталіся ўладанні вакол Свірскага возера. Па назве возера наваколле называлася Пасвір’ем, умацаванае гарадзішча – Свірам, а князі – Свірскімі.
У дакументах захаваліся назвы некаторых маёнткаў і вёсак, што належалі Свірскім. Гэта Бяседы, Баяры, Болькава, Варняны, Дубраўляны, Засвір, Жары, Кабыльнік, Мядзел, Стаяны, Сырмеж, Трокенікі, Ясень і 6 паселішчаў з каранём свір-: Свіра, Свіршчына, Свірані, Свіранкі, Свіркі, Свірдуні.
Род Свірскіх быў шматлікім, таму нашчадкі розных галін называлі сябе імёнамі па бацьку і па дзеду, але агульнае родавае прозвішча Свірскія заставалася за ўсімі. Свірскія выходзілі на вайну, у апалчэнне адным атрадам са сваімі баярамі і служылымі людзьмі пад камандай Свірскага або Крэўскага харунжага. Яны мелі права набіраць воінаў у атрад і з тых маёнткаў, што былі прададзены або перададзены другім.
Дачкі князёў Свірскіх, як і самі князі, уступалі ў шлюбныя саюзы з прадстаўнікамі розных шляхецкіх родаў: Валадковічамі, Салагубамі, Асціховічамі, Нямірамі, Кезгайламі. Стварылася адзінае згуртаванне шляхецкага саслоўя, нягледзячы на рознае этнічнае паходжанне. Іх аб’ядноўвалі агульныя сацыяльныя інтарэсы, патрыятычныя матывы, адзіная дзяржаўная мова – беларуская, якой гэтыя феадальныя сем’і карысталіся.
Многія лініі Свірскіх князёў у 16 стагоддзі згаслі, другія паступова раздрабняліся, трацілі сваё багацце і значэнне. Хаця ў пачатку 19 стагоддзя некаторыя са Свірскіх называлі сябе князямі, але не былі зацверджаны ў Расійскай імперыі. У іх засталася толькі прывілея сумеснай вячэры ў плябаніі са святаром у час гадавых свят і шляхецкі гонар, а ў побыце яны нічым не адрозніваліся ад сялян. Пра іх жартавалі: “Гудзе, шуміць дуброва – едзе князь па дровы”.


4. Фундатары Свірскага касцёла

Візытатар Свірскага касцёла біскуп Ю. Тышкевіч адзначае, што ў 1413 годзе князь Пётр Петкавіч Свірскі па мянушцы Пацус уфундаваў на алтар Свірскага касцёла св. Мікалая “8 падданых са Страчанскага фальварка, касцельную дзесяціну са Свірскага двара, двух кормных парсюкоў, 10 сыроў, фаску масла, бочку солі, 60 локцяў палатна, царкоўную дзесяціну з Дубатоўкі і Візны”.
Яго сын князь Івашка (Ян) Петкавіч Свірскі ў 1452 годзе за свой кошт збудаваў у Свіры драўляны касцёл, павялічыў фундуш (відаць, папярэдняга касцёла): перадаў касцёлу фальварак Свір, вёскі Ёдзі, Сяляткі, 100 га зямлі з падданымі вёсак Пігулеўшчына, Юстынова, Глінішча, Ніўе, Богаўшчына, возера Тушчу са ставам і млыном, а таксама дзесяціну з многіх сваіх маёнткаў. За гэты фундуш плебан абавязваўся штодзённа адпраўляць святую імшу за афярадаўцаў і ўтрымліваць багадзельню. Пазней, у 1499 годзе, князь яшчэ падараваў 16 душ.
У 1472 годзе князь Сенька Раманавіч Свірскі з жонкай Багданай у дзень св.Пятра ў аковах фундуюць у Свірскім касцёле алтарыі Наведзін Прасвятой Дзевы Марыі, апостала св. Баўтрамея і св. Леанарда паслядоўніка: вёску Едун (вёска Ёдаўцы ў Камайскім с/с) з шасцю душамі, дзесяціну даходу з маёнтка Валожын і Споры, агародныя землі ў Свіры, 70 локцяў палатна, кормнага парсюка, сыр, масла. За гэты фундуш святары абавязваліся адпраўляць за іх па дзве св. імшы ў тыдзень.
У 1503 годзе ў дзень св. Марыі Магдалены гаспадар Свіра Станіслаў Талімонтавіч Свірскі афяраваў фальварак Селевічы з 12 падданымі, фальварак Багоўшчыну ля Селевіч з усімі жыхарамі, дзесяціну з Кабельніка (зараз вёска Нарач) з абавязкам адпраўляць тры святыя імшы ў тыдзень.
У 1505 годзе князь Якуб Яцкавіч Свірскі, гаспадар Бакштаў, афяраваў касцёлу 3 падданых, а яго жонка і сын Юры дадалі яшчэ па 2 душы з абавязкам адпраўляць святую імшу кожную суботу.
1 сакавіка 1520 года князь Ян Талімонтавіч Свірскі пацвердзіў фундуш дзядзькі Станіслава, дабавіў сенажаць у Поганаве пры Свірскім ставе і дзесяціну з Мядзельскага двара (зараз в.Нарач).
У 1590 годзе перад святам Малгажаты князь Ян Раманавіч Свірскі з жонкай Ганнай афяравалі 12 падданых і дзесяціну з даходаў ў Спорах і Сырмежы (зараз Шэметава), штогод кормнага парсюка і 90 локцяў палатна.
У 1599 годзе 30 ліпеня Хрыстафор Баляслававіч Свірскі запісаў касцёлу вёску Паніззе і іншыя даходныя ўладанні, што раней належалі плябаніі.
У 1631 годзе 20 мая вёскі Нястанішкі і Дабраўляны землеўласнікаў Яна Стаброўскага і жонкі Зофіі Швыкоўскай былі дабравольна перададзены на вечныя часы ксяндзу Свірскага касцёла Каспару Ясіньскаму і зацверджаны дэкрэтам Віленскага трыбунала.
У 1647 годзе 30 студзеня Фабіян Козел-Паклёўскі, гаспадар Бакштаў, зафундаваў алтару Наведзін Прасвятой Дзевы Марыі фальварак Страчанку і легат (даручэнне) на атрыманне 4000 польскіх злотых.
У 1649 годзе князь Фэлікс Свірскі, гаспадар Болькава, аднаўляе фундуш алтару Наведзін Прасвятой Дзевы Марыі і будуе мураваную Раманаўскую капліцу.


5. Касцёл святога Мікалая ў Свіры

Касцёл святога Мікалая ў Свіры –рымска-каталіцкі храм у г.п. Свір, помнік эклектычнай архітэктуры з перавагай элементаў неабарока.

Пабудаваны ў 1908 годзе з цэглы на месцы храма, узведзенага у1653 годзе і асвечанага ў 1680 г. У 1961 г. закрыты савецкімі ўладамі.
У чэрвені 1990 годзе вернуты вернікам.
Архітэктура
Абнесены бутавай агароджай з убудаванымі ў яе капліцамі, абсаджаны радамі ліп і клёнаў. Дамінуе над прылеглай малапавярховай забудовай.
Касцёл ўяўляе сабой шасціслуповую трохнефную базіліку. У аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі дамінуюць прыбудаваныя да тарцоў трансепта вежа-званіца і капліца з ліхтаром. Галоўны фасад двух'ярусны, раскрапаваны пілястрамі, прафіляванымі карнізамі з пінаклямі па баках. У завяршэнні фасада шчыт з бакавымівалютамі і трохвугольным франтонам. Алтарны кубападобны аб'ём мае шчытавое завяршэнне. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёныя буйнымі пілястрамі і паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. У дэкоры выкарыстаныя стылізаваныя барочныяэлементы, напрыклад, валюты, ліштвы паўцыркульных аконных праёмаў, пуцці, матывы архаічнай архітэктуры (пінаклі), ордарныя формы класікі (карынфскія калоны, кесоны, трыгліфы).
Ад драўлянай да мураванай святыні

Першы драўляны касцёл св. Мікалая ў Свіры існаваў ужо да 1413 года, якому ў 1413 годзе князь Пётр (Пацус) Петкавіч Свірскі выдзеліў фундуш. Дзе, калі быў узведзены і як выглядаў стары касцёл, які прастаяў не менш 39 гадоў, звестак няма. Пра яго наяўнасць, акрамя вышэй сказанага, маецца ўскоснае сведчанне: Свірскія заснавалі ў 1434 годзе касцёл у Малым Мядзелі (зараз вёска Нарач), а не ў рэзідэнцыі – Свіры, бо, відаць, у гэты час у Свіры касцёл існаваў.
У 1452 годзе ў цэнтры пасёлка на галоўнай вуліцы князь Івашка (Ян) Петкавіч Свірскі збудаваў драўляны касцёл, які дзейнічаў 200 год. У 1649 годзе князь Фэлікс Лукашавіч Свірскі прыбудаваў да касцёла мураваную капліцу ў памяць свайго прапрадзеда князя Рамана Андрэевіча Свірскага, якую сталі называць Раманаўскай.
Каб разгрузіць касцёл і стварыць зручнасці парафіянам, шляхціц Фабіян Козел-Паклёўскі збудаваў у 1644 годзе для патрэб вернікаў у вёсцы Страчанцы на ўзгорку (зараз там магільнік) на беразе ракі Страчы драўляную капліцу. Для алтарыста выдзеліў значны фундуш – фальварак Страчанку з 40 гектарамі зямлі; 2 валокі зямлі ў весцы Багацькі, Шымкаўскую ворную зямлю, 1 морг сенажаці ля Багацек – разам 9 валок. Алтарыст жыў у Свіры, меў дом з агародам у 70 квадратных прэнтаў*, 1 прэнт на правым баку вуліцы за мястэчкам. Ашмянская харунжына, уладарка фальварка Бакштаў, Кацярына Козел-Паклёўская з Невядомскіх тастаментам ад 15 снежня 1644 года ахвяравала ружанцоваму брацтву 150 польскіх злотых.
30 студзеня 1647 года Козел-Паклёўскія запісалі алтарысту 4000 польскіх злотых для заробку алтарысту, найму двух спевакоў, на алей для лямпы, аказання дапамогі бедным і калекам. Фундуш быў забяспечаны на шэметаўскіх уладаннях А. Сулістроўскага. За фундуш алтарыста павінен быў адпраўляць за іх па дзве імшы ў тыдзень.
Руплівасцю “каноніка віленскага, плебана і дэкана свірскага, ксяндза Каспара Ясіньскага пры дапамозе сродкамі Фабіяна Козел-Паклёўскага ашмянскага харунжага” у 1653 годзе на месцы старой драўлянай святыні быў пабудаваны мураваны касцёл у стылі ранняга барока пад тытулам святога Мікалая.
Гэта быў невялікі аднапавярховы, крыжападобны ў плане, пакрыты гонтаю аб’ём, які завяршаўся паўцыліндрычнай апсідай*, а галоўным фасадам выходзіў на вуліцу. Апсіду фланкіравалі* дзве закрыстыі*, вырашаныя як самастойныя высокія аб’ёмы. Капліца Раманаўская знаходзілася ў паўночным крыле трансепта*. Інтэр’ер касцёла ўпрыгожвалі чатыры разбяныя драўляныя алтары ў стылі рэнесанса.
Найвышэйшым пунктам пабудовы з’яўлялася трохярусная вежа-званіца, пакрытая чатырохскатным дахам з гонты, увенчаным высокім фігурным васьмігранным купалам. Кансекравалі* яго пры кадэнцыі* свірскага дэкана Томаша Гірскага ў 1671 годзе. Кансекраваў біскуп Міхал Слупскі і архідыякан біскуп Грэцыянопаль. Угодкі гэтага акту прыпадаюць на першую нядзелю пасля Усіх Святых. З невялікімі зменамі касцёл прастаяў 250 гадоў.
Рэканструкцыя касцёла.
З прычыны натуральнага прыросту і далучэння вернікаў з суседніх парафій, дзе касцёлы былі закрытыя царскімі ўладамі, касцёл стаў цесны. У 1903 годзе па ініцыятыве ксяндза Казіміра Валюнаса на добраахвотныя ахвяраванні парафіян і гаспадара Дабраўлянскага маёнтка Зыгманта Хамінскага пачалася рэканструкцыя касцёла, якая закончылася ў 1909 годзе амаль поўнай перабудовай. Паўднёвы бакавы фасад разабралі і прыбудавалі трохнефавую базіліку, а да супрацьлеглага боку – чатырохвугольную апсіду. Да галоўнага фасада прыбудавалі шматярусную вежу. Пасля рэканструкцыі капліца Раманаўская стала прэсбітэрыем* новага касцёла, а старую паўцыркульную апсіду ператварылі ў капліцу пад паўсферычным купалам з карункавай галоўкай. З алтароў капліцы зрабілі двухярусную кампазіцыю алтара святога Юзафа, у левым крыле трансепта зрабілі цалкам новы алтар. У касцёле стала пяць алтароў. Злева-направа размясціўся алтар старога касцёла ў старой апсідзе, якая стала капліцай, з абразом Езуса Ўладара, у другім ярусе – абраз Найсвяцейшай Тройцы. У нішы другога яруса змясцілі фігуру святога Францішка, левы алтар з абразом Маці Божай і Анёла Ахоўніка, правы – Маці Божай Ружанцовай. У інтэр’еры змясцілі казальніцу і ўсе алтары старога касцёла. Урачыстая кансекрацыя касцёла адбылася 18 чэрвеня 1928 года.
Хаця ў выніку рэканструкцыі атрымалася эклектыка з элементаў розных стыляў, але ва ўнутраным і знешнім дэкоры касцёла дастаткова гарманічна спалучаюцца і стылізаваныя элементы барока (валюты*, аблямоўка вокнаў), і пінаклі* ў стылі рэнесансу, і ордэрныя формы класіцызму (пілястры, калоны, кесоны).


6. Вонкавы выгляд касцёла. Звон

У архітэктурным абліччы храма адлюстраваны эклектычныя формы, характэрныя для пачатку ХХ стагоддзя. Галоўны фасад храма шырокім карнізным поясам па гарызанталі падзелены на дзве часткі. Ніжняя дэкаравана здвоенымі пілястрамі і паўцыркульнымі нішамі. Верхняя ўяўляе сабой высокі шчыт, завершаны трохвугольным франтонам, дэкараваным здвоенымі пілястрамі, паміж якімі размешчаны праём лучковай формы і завершаны бакавымі валютамі барочнай формы. Па баках другога яруса фасада – два невысокія пінаклі. Амаль такі ж шчыт завяршае алтарную сцяну, што характэрна для архітэктуры барока. Сцены бакавых фасадаў дэкараваны пілястрамі, паміж якімі размешчаны арачныя ваконныя праёмы, а на другім ярусе – невялікія паўцыркульныя вокны – люнеты.
Купальнае завяршэнне з ліхтаром мае і бакавая капліца (старажытная апсіда). У архітэктурнай структуры і дэкаратыўнай аздобе касцёла адзначаюцца элементы неабарока.
Поруч з касцёлам, замыкаючы перспектыву галоўнай вуліцы (Савецкай), узвышаецца чатырохярусная карункавая вежа – званіца. Вельмі выразная па свайму сілуэту, яна з’яўляецца адзінай высотнай дамінантай Свіра, бачнай з многіх пунктаў мястэчка. Дэкаравана яна сціпла, ярусы прарэзаны невялікімі праёмамі – прамавугольнымі на першым ярусе і арачнымі на астатніх. Чацвёрты ярус надбудоўваўся ў час рэканструкцыі (1903 – 1909 гадоў). Завяршаецца вежа невысокім купалам, на якім узвышаецца двухярусны ліхтар. Выгляд вежы настолькі адметны, што робіць панараму Свіра індывідуальнай і запамінальнай.
Касцёл абнесены бутавай агароджай з цаглянымі атынкаванымі брамамі ў стылі класіцызму з убудаванымі каплічкамі. Справа ад уваходу ў святыню, у куце касцельнай агароджы яшчэ ў ХІХ стагоддзі была збудавана каменная ўсыпальня. У вулічнай капліцы (насупраць увахода ў касцёл) стаяла фігура Езуса з крыжам. Зараз тут стаіць фігура Маці Божай. У другой куліснай каплічцы ў паўночна-ўсходняй сцяне змяшчалася фігура Езуса ў цярновым вянку. Зараз тут стаіць фігура св. Францішка, адзіная, што ацалела ад старога інтэр’ера касцёла.
Касцёл абсаджаны ліпамі і клёнамі.
Газета “Наша Ніва” у №12 за ... год пісала: “21 марца... у часе буры пярун ударыў у касцельную вежу, каторая была фронтам старога касцёлу, а пры новым была ўмуравана збоку. Званы расчапіліся і пазвальваліся, толькі адзін меншы зваліўся цэлы. Дах гонтавы ўвесь згарэў. Агонь са званіцы перакінуўся на страху касцёла, і ўся згарэла. У сярэдзіне ўсё засталося цэлае... Такой марцавай буры і перуноў не памятаюць найстарэйшыя людзі”.
У двары ўвагу прыцягвае вялікі звон, які стаіць проста на зямлі. У верхняй і ніжняй частках упрыгожаны пласцінчатымі паясамі з раслінным арнаментам і галоўкамі анёлаў. Уверсе па колу кірылічны надпіс на царкоўнаславянскай мове (фрагмент праваслаўнай малітвы да Багародзіцы “Достойно есть”): “честнейшую херувим и славнеишую воистинну серафим безистления бга слова рождшую сущую бгцу тя величаем” (“Пачэснейшую за херувімаў і непараўнальна слаўнейшую за серафімаў, што непарушнаю нарадзіла Бога Слова, існую Багародзіцу, цябе велічаем”. Пераклад на беларускую мову пратаірэя Сергія Гардуна). Унізе лацінскі надпіс “FUDUT ME AMBROSIUS IOANNES PATTUN*A*D*1701” (Адліў мяне Амброзі Ян Паттун. Г[оду] П[анскага] 1701).
Цэнтральную частку аздабляюць выявы абраза Маці Божай Жыровіцкай (паясная фігура ў авале з промнямі, нахілілася да Дзіцяткі Езуса, якога трымае на правай руцэ); пад ім герб “Стрэмя” са знакамі духоўнай асобы, аточаны лацінскімі ініцыяламі ў звязцы 3-2-2: CCB; DG; EV; (Constantinus Casimirus Brostovski Dei Gratia Eppiscopus Vilnensis – Канстанцін Казімір Брастоўскі божай ласкай біскуп віленскі). Далей па колу злева направа укрыжаваны Езус у атачэнні херувімаў; пад крыжам постаці св. Марыі і св. ... Панна Марыя ў цэлы рост, аточаная промнямі і херувімамі. На левай руцэ трымае Дзіцятка, на далоні якога яблык (дзяржава), у яе правай руцэ бэрла (скіпетр), пад нагамі – месяц; св. ... у правай руцэ трымае укрыжаванне, у левай – лілею.
Памеры звона: вышыня – 104 см; акружнасць па верхнім поясе – 216 см; акружнасць сярэдзіны – 239 см; акружнасць па ніжнім поясе – 412 см; таўшчыня ніжняга зрэзу – 8 см; вага – 900 кг.
Майстра А.Я. Паттун у 1710 годзе па замове Кароля Станіслава Радзівіла (1669 – 1719) ў Міры са шведскіх гарматаў адліў звон вагой каля 4800 кг, адзін з найбуйнейшых у ВКЛ. Яго адлівалі тры разы, каб голас быў чутны ў Нясвіжы, за 30 км. Гэты звон, які зваўся “Кароль”, быў знішчаны ў час Першай сусветнай вайны, у 1915 годзе.
У 1982 годзе пры пераабсталяванні касцёла ў завадскі цэх звон атрымаў пашкоджанні, захоўваўся ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі.
Адысея вялікага звана, расказаная Дзмітрыем Аўлевічам Ганчаром:
“У 1982 годзе Смаргонскаму заводу аптычнага станкабудавання (Гродзенская вобласць) быў перададзены будынак Свірскага касцёла пад размяшчэнне заводскага цэха. Касцёл у гэты час, па-мойму, выкарыстоўваўся пад склад. Аднойчы я прыехаў па службовай справе ў Свіра да начальніка цэха, які займаўся пераабсталяваннем будынка касцёла. На тэрыторыі касцёла пры ўваходзе з правага боку ляжаў вялікі звон, вышчарблены, з адбітым кавалкам. Я ўбачыў на ім надпісы, але прачытаць не змог. Было бачна, што звон адліты высокакваліфікаваным спецыялістам са складанага сплаву металаў. Від у звана быў, як у павержанага багатыра, які горда ляжаў і крычаў нячутным голасам: “Людзі, спыніцеся! Дапамажыце!”.
Уражаны ўбачаным, я ўголас прамовіў: “Які прыгажун! Якая каштоўнасць!”.
У мяне ўзнікла думка, што звон абавязкова патрэбна захаваць для гісторыі... Я ведаў, што ў Смаргоні ў былым касцёле працуе музей, і вырашыў, што месца звона менавіта там. Рабочыя паказалі яшчэ два меншыя званы. Языка вялікага звона я не бачыў, а можа проста не памятаю. Рабочыя мне паведамілі, што прыязджалі людзі з Літвы, выказвалі жаданне забраць званы, распытвалі, з кім патрэбна весці перамовы па гэтаму пытанню. Я папярэдзіў начальніка цэха, што захаванасць званоў даручаю пад яго асабістую адказнасць. У гэты ж дзень я завітаў да дырэктара завода Гаева Аляксандра Іванавіча за транспартам, каб перавезці званы ў Смаргонскі музей. На наступны дзень машына з аўтакранам прыбыла са званамі. Пярэчанняў з боку ўладаў Свірскага гарсавета не было. Званы перадалі пад распіску загадчыцы Смаргонскага музея Моісевіч Марыі Леанідаўне. Два меншыя званы размясцілі ў памяшканні музея, а вялікі пакінулі на дварэ ля ўваходу ў музей”.
У 1990-м годзе званы вярнуліся ў касцёл, і зараз, як пісаў У. Сцяпан: “Звіняць над зямлёю, каб людзі пачулі пра тыя стагоддзі, якія мінулі”.

Вялікі звон свірскага касцёла

На касцельным дварэ ўвагу прыцягвае вялікі звон, які стаіць на зямлі. У 1982 годзе пры пераабсталяванні касцёла ў завадскі цэх звон атрымаў пашкоджанні, захоўваўся ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Памеры звона: вышыня–104 см; акружнасць па верхнім поясе–216 см; акружнасць сярэдзіны–239 см; акружнасць па ніжнім поясе–412 см; таўшчыня ніжняга зрэзу–8 см; вага–900 кг.
Адліў яго Амброзі Ян Паттун у 1701- м годзе. Дарэчы, майстра А.Я. Паттун у 1710 годзе па замове Кароля Станіслава Радзівіла (1669–1719) ў Міры са шведскіх гарматаў адліў звон вагой каля 4800 кг, адзін з найбуйнейшых у ВКЛ. Яго адлівалі тры разы, каб голас быў чутны ў Нясвіжы, за 30 км. Гэты звон, які зваўся “Кароль”, быў знішчаны ў 1915 годзе ў час Першай сусветнай вайны.
Свірскі звон у верхняй і ніжняй частках упрыгожаны пласцінчатымі паясамі з раслінным арнаментам і галоўкамі анёлаў. Уверсе па колу кірылічны надпіс на царкоўнаславянскай мове (фрагмент праваслаўнай малітвы да Багародзіцы “Достойно есть”): “честнейшую херувим и славнейшую воистинну серафим безистления бга слова рождшую сущую бгцу тя величаем” (“Пачэснейшую за херувімаў і непараўнальна слаўнейшую за серафімаў, што непарушнаю нарадзіла Бога Слова, існую Багародзіцу, цябе велічаем”.( Пераклад на беларускую мову пратаірэя Сергія Гардуна). Унізе лацінскі надпіс “FUDUTMEAMBROSIUSIOANNESPATTUN*A*D*1701” (Адліў мяне Амброзі Ян Паттун. Г[оду] П[анскага] 1701).
Цэнтральную частку звана аздабляюць выявы абраза Маці Божай Жыровіцкай (паясная фігура ў авале з промнямі, нахілілася да Дзіцяткі Езуса, якога трымае на правай руцэ); пад ім герб “Стрэмя” са знакамі духоўнай асобы, аточаны лацінскімі ініцыяламі ў звязцы 3-2-2: CCB; DG; EV; (Constantinus Casimirus Brostovski Dei Gratia Eppiscopus Vilnensis–Канстанцін Казімір Брастоўскі Божай ласкай біскуп віленскі). Далей па колу злева направа ўкрыжаваны Езус у атачэнні херувімаў; пад крыжам постаці св. Марыі і св. Панна Марыя ў цэлы рост, аточаная промнямі і херувімамі. На левай руцэ трымае Дзіцятка, на далоні якога яблык (дзяржава), у яго правай руцэ бэрла (скіпетр), пад нагамі–месяц; у правай руцэ трымае ўкрыжаванне, у левай–лілею.

Арган Свірскага касцёла св. Мікалая
У 1929 годзе вернікі Свірскай парафіі пачалі збор складак на будаўніцтва аргана. Пэўныя сродкі адпусцілі паны Хамінскі і Бішэўскі, астальныя збіраліся з парафіян. Заказалі вырабіць арган віленскаму майстру Эдварду Пшытульскаму. Будаваўся арган у эксклюзіўным парадку менавіта толькі для Свірскага касцёла з улікам памеру будынка, месца ўстаноўкі, акустыкі і г. д.. Кошт аргана складаў 15000 злотых, што раўназначна 120 тонам збожжа. Арган устанаўліваўся на працягу шасці месяцаў: з чэрвеня па снежань 1930 года
Гэты музыкальны інструмент валодаў мноствам тэмбраў, складаўся з сістэмы 142-х трубак: 68 сасновых і 74 металічных; меў 139 клавіш: 112 ручных па 56 у кожным з двух мануалаў, якія размяшчаліся тэрасападобна і асобай клавіятуры–кожнай педалі з 27 клавішамі для ігры наском і каблуком. Шаснаццацігаласавы арган па гукавым аб’ёме раўняўся цэламу сімфанічнаму аркестру. Сучаснікі сцвярджаюць, што гучанне аргана стварала моцнае ўзнёслае ўражанне. На працягу 30-ці гадоў парафіяне пацешыліся яго цудоўнай музыкай, а ў 1961 годзе касцёл зачынілі, арган дэмантавалі і завезлі ў Маладзечанскае музыкальнае вучылішча, дзе ён доўгі час праваляўся на складзе, прыйшоў у нягоднасць, быў спісаны і знішчаны.


7. Інтэр’ер касцёла

У інтэр’еры храма шэсць прафіляваных слупоў падзяляюць прастору на тры нефы. Цэнтральны неф – самы шырокі і больш высокі, мае на выступаючых сценах бакавых фасадаў паўцыркульныя вокны – люнеты (базіліканская схема пабудовы). Сцены бакавых нефаў прарэзаны вялікімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. У выніку храм мае двухяруснае асвятленне інтэр’ера. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з па..ружнымі аркадамі, дэкарыраванымі ляпнымі разеткамі. Паміж па..ружных арак на цыліндрычных скляпеннях – дэкаратыўныя нервюры ў выглядзе накладных ляпных лаўровых галінак. Бакавыя нефы перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі, аддзелены ад цэнтральнага арачнымі праёмамі. Цэнтральны неф аддзелены ад апсіды шырокім арачным праёмам, дэкарыраваным арачным поясам з ляпнымі выявамі.
У цэнтры – аблічча Хрыста, па баках – галоўкі анёлаў, якія нясуць атрыбуты яго пакут.
Месца перасячэння цэнтральнага нефа і прэсбітэрыя перакрыта сферычным купалам, які абапіраецца на ветразь??.Купал раскрываецца толькі ў інтэр’еры, звонку закрыты высокім двухсхільным дахам. Купальнае перакрыцце таксама і ў бакавой капліцы (апсіда касцёла 17-га ст.). Сцены дэкарыраваны пілястрамі, прафіляванымі карнізамі, фрэскавым роспісам. На бакавых сценках чатырнаццаць гарэльефных кампазіцый (гіпс, 1999 г.), у якіх раскрываецца евангельскі сюжэт ”Крыжовы шлях Хрыста.” Над уваходам размешчаны хоры, на якіх у 1931 годзе быў устаноўлены арган на шаснаццаць рэгістраў, над алтаром – крыпта.
Рэканструкцыя касцёла

З прычыны натуральнага прыросту і далучэння вернікаў з суседніх парафій, дзе касцёлы былі закрытыя царскімі ўладамі, касцёл стаў цесны. У 1903 годзе па ініцыятыве ксяндза Казіміра Валюнаса на добраахвотныя ахвяраванні парафіян і гаспадара Дабраўлянскага маёнтка Зыгманта Хамінскага пачалася рэканструкцыя касцёла, якая закончылася ў 1909 годзе амаль поўнай перабудовай. Паўднёвы бакавы фасад разабралі і прыбудавалі трохнефавую базіліку, а да супрацьлеглага боку – чатырохвугольную апсіду. Да галоўнага фасада прыбудавалі шматярусную вежу. Пасля рэканструкцыі капліца Раманаўская стала прэсбітэрыем* новага касцёла, а старую паўцыркульную апсіду ператварылі ў капліцу пад паўсферычным купалам з карункавай галоўкай. З алтароў капліцы зрабілі двухярусную кампазіцыю алтара святога Юзафа, у левым крыле трансепта зрабілі цалкам новы алтар. У касцёле стала пяць алтароў. Злева-направа размясціўся алтар старога касцёла ў старой апсідзе, якая стала капліцай, з абразом Езуса Ўладара, у другім ярусе – абраз Найсвяцейшай Тройцы. У нішы другога яруса змясцілі фігуру святога Францішка, левы алтар з абразом Маці Божай і Анёла Ахоўніка, правы – Маці Божай Ружанцовай. У інтэр’еры змясцілі казальніцу і ўсе алтары старога касцёла. Урачыстая кансекрацыя касцёла адбылася 18 чэрвеня 1928 года.
Хаця ў выніку рэканструкцыі атрымалася эклектыка з элементаў розных стыляў, але ва ўнутраным і знешнім дэкоры касцёла дастаткова гарманічна спалучаюцца і стылізаваныя элементы барока (валюты*, аблямоўка вокнаў), і пінаклі* ў стылі рэнесансу, і ордэрныя формы класіцызму (пілястры, калоны, кесоны).


8. Святары і адміністратары Свірскай парафіі

1490 Алтарыст Марцін
1503 Алтарыст Станіслаў
1520 Алтарыст Казуб Павел
1590-98 алтарыст Мікалай Карызна, канон віленскі
1598 Вайцех Кульчынскі
1598-1653 дэкан Каспар Ясіньскі,капелян віленскі,
1631-1653 дэкан Томаш Гірскі, канон віленскі
1653-1670 Бенедык Жухорскі, пралат віленскі, біскуп
1674 Юрэвіч
1688 Базыль Конеш
1696 Мацей Анцута,біскуп, суфрагат віленскі
1713 адміністратар Мікалай Воранаў
1720-1725 адміністратар Даніель Баркоўскі, канонік Смаленскі
1723 адміністратар Андрэй Гедройць,канонік Смаленскі
1726 адміністратар Павел Ядлінскі
1727 ??? Юзаф Невяровіч
1731 адміністратар Марцін Барысеўскі
1734 адміністратар Шыман Франц Бранеўскі
1736 адміністратар Арсеніуш Барычэўскі
1739-1740 адміністратар Андрэй Гедройць
1740 адміністратар айцец Маўрыцый Рушчэўскі, франц
1759 адміністратар ЮзафБарысевіч
1700-1723 ??? пробашч Юзаф Невяровіч
1769 Ігнацы Антоні Багіньскі,каплан інфулат дэкан

1781 адміністратар Юзаф Нінтэ
1782 дэкан Баніфацы Шымак
1787 адміністратар Мацей Метрыновіч
1794-1825 пробашч Ігнацы Антоні Багіньскі, адмовіўся
1825-1841 дэкан Андрэй Сенкевіч -памёр

1825-1841 дэкан Казімір Залескі,з 1845года у Вострай Браме
1830 пробашч Андрэй Сенковіч
1830-1844 Амброжы Тарманоўскі
1847-1863 пробашч, дэкан Міхал Скрабоўскі, памёр
1863-1868 пробашч Сантурый Мачун
1863-1900 пробашч Фердынанд Дыякевіч
1868-1875 дэкан Антоні Шусціцкі
1876-1880 дэкан Юльян Гайкоўскі
1900 дэкан Казімір Валюнас
1909-1928 Валер'ян Галяк
1928 Ежы Жамейць
1940 дэкан Казімір Шылэйка
1942 вікарый Станіслаў Кучынскі


9. Рэфармацыя і Контррэфармацыя

Рэфармацыя – шырокі рух, накіраваны супраць каталіцкай царквы і яе ролі ў грамадстве. Жаданне рэформаў было выклікана распуснымі паводзінамі і пагоняй за нажывай духавенства. Біскуп А. Жэбжынскі гаварыў: “Вер хоць у казла, калі хочаш, плаці толькі мне дзесяціну”. Рэфарматары не парывалі з Рымам, але адмаўлялі царкве пасрэдніцтва паміж чалавекам і Богам, патрабавалі адчужэння царкоўных багаццяў, увядзення таннага касцёла, вядзення набажэнства на роднай мове, выбарнасці святароў вернікамі, біскупаў з ксяндзоў, самастойнасці царквы ад дзяржавы аж да супраціўлення тыранству. У этыцы ўвасабляліся такія каштоўнасці як прагматызм, працавітасць, жыццёвая актыўнасць.
Зарадзіўшыся на Захадзе, хваля рэфармацыі дакацілася да Свіршчыны ў час кадэнцыі свірскага ксяндза Паўла Казуты (1520 – 1569). Гэтаму спрыяла блізкасць Свіршчыны да сталіцы ВКЛ – Вільні, наяўнасць воднага шляху Нёман – Вілія – Страча, тракту Вільня – Полацк. Моладзь знаці і багатых фамілій вучылася ў вышэйшых установах Еўропы. У спісах Кракаўскага універсітэта за 1476, 1508 гады значацца шкаляры са Свіры. Вяртаючыся дамоў, моладзь прыносіла новыя думкі. Да мяшчанства пратэстанская навука прыходзіла праз нямецкіх купцоў і рамеснікаў. Пачалі пераходзіць у кальвінізм знатныя сем’і: Агінскія, Шэметы, Кішкі, Радзівілы, Свірскія.
Сын гаспадара Свіра Юры Радзівіла Мікалай Юр’евіч (1512 – 1584) вызнаваў кальвінізм і з 1565 года ўзначальваў пратэстантызм у ВКЛ. Актыўнымі праваднікамі кальвінізму на Свіршчыне былі князі браты Свірскія: Лукаш Болькавіч (1530 – 1593) – сакратар галоўнага пратэктада кальвінізму ў ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага і Януш (1554 – 1597), актыўны прыхільнік кальвінізму, які ў 1577 годзе правёў у Свіры дысідэнцкі з’езд паноў, прызнаваўшых кальвінізм.
У гэты час амаль уся шляхта Свіршчыны перайшла ў кальвінізм. Касцёл быў зачынены, касцельныя фундушы былі падзелены суседзямі. Януш Балеслававіч Свірскі за свой кошт пабудаваў кальвінскі збор (малітоўны дом), адкрыў школы, шпіталь, багадзельню, набыў Бібліі. Адкрыў кальвінскія зборы ў Смаргоні (1552), Жмудзях (1612).
Вось як апісвае гэты перыяд ксёндз Юрый Жамейць:
– Свірскія парафіяне, прыняўшы кальвінізм, выракліся, за выключэннем хросту, усіх святых сакрамантаў... Гэты страшэнны развал Свірскай парафіі цягнуўся каля трыццаці гадоў. Замест афяры святой Імшы і набожных песень у закінутай і пустой святыні чырыкалі вераб’і і ляталі ластаўкі, а таксама буркаталі галубы. Свірскія парафіяне ў нядзелю і святы чыталі Біблію кальвінскага выдання, па-свойму яе тлумачылі і спрачаліся між сабою, а толькі адзінкі ішлі пад касцёл і там, упаўшы на калені, галосячы і плачучы, прасілі Бога, каб вярнуў праўдзівую веру.
Пазітыўнае значэнне рэфармацыі было ў тым, што яна спрыяла фарміраванню беларускай народнасці, станаўленню нацыянальнай свядомасці, развіццю літаратуры і мастацтва, свецкіх ведаў, кнігадрукавання (Сымон Будны і Васіль Цяпінскі). Апошні – выдавец Бібліі на беларускай мове – бедаваў, што яшчэ слаба развіта нацыянальнае самапачуцце беларусаў.
Кальвінізм шпарка распаўсюдзіўся на тэрыторыі ВКЛ. Нават каранаваныя асобы праяўлялі хістанні пры выбары веры. Стрыечны брат каралевы Барбары Радзівіл Чорны, каб схіліць караля Зыгманта ІІ Аўгуста да кальвінізму, прапанаваў наведаць набажэнства ў кальвінскім зборы. Кароль завагаўся. У гэты час біскуп Цыпрыян забег наперад каралю і заявіў:
– Не гэта дарога, якой продкі вялікага князя на набажэнства хадзілі, а тая, – і паказаў на касцёл.
Кароль у збор не пайшоў.
Кальвінізму не ўдалося трывала замацавацца ў ВКЛ. Папства пачало працэс па вяртанню страчаных пазіцый – контррэфармацыю. Трыдзенскі сабор падцвердзіў аўтарытэт папы ў справах веры, увёў інквізіцыю для барацьбы з іншадумствам, жорсткую цэнзуру (быў уведзены “Індэкс забароненых кніг”), заснаваў новыя манаскія ордэны, перад якімі была пастаўлена задача вяртаць людзей да каталіцкай веры. У 1569 годзе ў Вільню прыбыло 13 прапаведнікаў-езуітаў, а праз год – яшчэ 300. Дасведчаных прапаведнікаў-католікаў актыўна падтрымлівала каталіцкая ўлада. Стэфан Баторый гаварыў: “Калі б я не быў каралем, то быў бы езуітам”. Шляхта, у тым ліку і свірская, стала вяртацца ў каталіцтва пад дэвізам: “Кожны шляхціц – католік”.
У 1598 годзе віленскі біскуп Валер’ян Пратасевіч накіраваў на Свіршчыну айцоў-езуітаў, прызначыў пробашчам у Свірскую парафію місіянера-прапаведніка віленскага каноніка Мікалая Карызну. Ксяндзоў абавязалі весці метрычныя запісы, ствараць каталіцкія брацтвы, адкрываць школы, шпіталі, бібліятэкі. У выніку прапаведніцкай дзейнасці князі Свірскія, а за імі і падданыя вярнуліся да каталіцкага веравызнання. Быў адрамантаваны касцёл, Мікалай Карызна распачаў судовы працэс аб вяртанні забранага фундушу і бенефіцый. Пры Вайцеху Кучынскім былі вернуты касцёлу большая частка зямель і маёмасці разам з неста......... бенефецыем.
На хвалі контррэфармацыі нарадзілася Брэсцкая унія (1596) і створана уніяцкая царква, якая ў 1790 годзе на беларускіх землях Рэчы Паспалітай налічвала да 70%, а ў сельскай мясцовасці – да 80% вернікаў.
Унія – пагадненне паміж найвышэйшымі праваслаўнымі і каталіцкімі іерархамі ВКЛ. Прычына: супрацьстаяць рэфармацыі, а для царквы – супрацьстаяць пагрозе падпарадкавання маскоўскай патрыярхіі. Урад падтрымаў ідэю уніі, бо разлічваў спыніць канфлікт на рэлігійнай глебе.
Сойм юрыдычна ўмацаваў пазіцыі каталікоў. У 1668 годзе Сойм адступніцтва ад каталіцтва прыраўняў да злачынства і караў высылкай з краіны, а ў 1764 годзе вынес рашэнне караць за гэта смерцю. Літаратура стала выдавацца толькі на лацінскай і польскай мовах.
Контррэфармацыя не спрыяла станаўленню беларускай культуры ў яе нацыянальнай форме, ускладніла працэс кансалідацыі беларускай народнасці.


10. Праваслаўныя ў Свіры

Праваслаўных у мінулым у Свіры зусім не было, а ў 1920 годзе налічвалася 15 чалавек – дзякуючы змешаным шлюбам. Пры царызме мела месца перамольванне ў праваслаўе з другіх канфесій(так было з вёскай Іванкі,калі за зямельныя надзелы людзі змянілі веру).
Шмат праваслаўных у Свіры з’явілася пасля Другой сусветнай вайны, калі мястэчка стала райцэнтрам. Сюды сталі прыязджаць урадоўцы, гандляры, спецыялісты, ваенныя, юрысты, педагогі, медыкі з усходніх абласцей. Зараз у Свірскім сельсавеце налічваецца каля 300 праваслаўных. 16 сакавіка 2002 года быў зарэгістраваны Праваслаўны прыход і абшчына Святых Мефодзія і Кірыла, учителей словенских. Старастам абшчыны з’яўляецца Шыпкоў Павел Пятровіч. Распачата будаўніцтва царквы.
23 мая 2001 года зарэгістравана абшчына хрысціян веры Евангелістычнай. Налічваецца каля 10 чалавек ,маецца малельны дом. Кіруе набажэнствамі Крыловіч Павел Аляксандравіч.


11. Стараверы ў Свіры

У 1652 годзе пры патрыярху Нікане ў рускай праваслаўнай царкве адбыўся раскол, у выніку якога вылучылася рэлігійная плынь – стараверства. Па рэлігійнай дагматыцы стараверы не адрозніваюцца ад вернікаў рэфармаванай царквы, але захоўваюць старыя традыцыі: васьміканцовы крыж, двухпальцавае хрышчэнне, двайное алілуя, зямны паклон і іншае. Праціўнікаў рэформы афіцыйная царква ў 1656 годзе адлучыла ад царквы. Гэта былі патрыярхі Авакум, Данііл, Няронаў, баяры Марозава, Хаванскія, вярхушка стральцоў. Раскольнікаў царскія ўлады сталі пераследаваць: ссылаць, садзіць у турмы, катаваць, караць смерцю. Пры такіх варунках многія стараверы далучыліся да антыцарскіх выступленняў Разіна і Пугачова, сталі ўцякаць за мяжу. У канцы ХVІІ стагоддзя паморскія стараверы з’явіліся ў ВКЛ, у тым ліку і ў Свіры. ВКЛ было верацярпімай дзяржавай, заканадаўства якой дазваляла дзейнасць розных рэлігій і абараняла іх правы прывілеямі. Свірскім стараверам было дазволена сяліцца ў мястэчку, лавіць рыбу ў Свірскім возеры працягласцю 14 км (да Гарань), займацца лесанарыхтоўчай дзейнасцю. Апошнія два прывілеі былі ануляваны савецкімі ўладамі ў 1940 годзе.
Жылі стараверы ў асноўным на Прыбярэжнай вуліцы, якую называлі слабада. Пачуваліся некалькі адасоблена, карысталіся паморскім дыялектам рускай мовы, насілі бароды, не курылі, не пілі гарэлкі, прытрымліваліся працяглых (больш 20 тыдняў) пастоў. Ганна Яўстаф’еўна Тачылава ўзгадвае, што і сем’і стваралі пераважна з аднаверцамі, хаця з усімі жылі роўна, не зважаючы, хто католік, хто старавер. У 1866 годзе ў Свіры пражывала 56 старавераў, у 1930 годзе – 175 чалавек. У 2007 годзе налічвалася каля 50.
Стараверы не маглі мець святароў, таму публічнымі набажэнствамі сталі кіраваць абраныя мужчыны сталага веку.
Афіцыйную царкву стараверы лічылі ерэтычнай і ёй не падпарадкоўваліся. Не мелі агульнага цэнтра і падзяляліся на сагласы або толкі. Цэнтральны савет старажытнаправаслаўнай паморскай царквы Рэспублікі Беларусь быў створаны толькі ў 1998 годзе. Да яго і адносіцца свірская абшчына.
Працяглы час – больш шасцідзесяці гадоў – набажэнствы ў Свірскай царкве праводзіў Пятроў Сільвестар Яўстаф’евіч, які пражыў 102 гады (1880–1982). Нарадзіўся ён у Лучаі, служыў падпаручнікам у царскай арміі, прымаў удзел у імперыялістычнай вайне, узнагароджаны трыма Георгіеўскімі крыжамі. Гэта быў абаяльны чалавек, добра ведаў стараславянскую мову, сапраўдны патрыёт. У час нямецкай акупацыі хаваў ад вывазу ў Нямеччыну местачкоўцаў, выратаваў некалькі параненых чырвонаармейцаў.
Цяпер службы праводзіць Артаеў Дзям’ян Сініфонавіч, які прыехаў у Свір з Малой Сырмежы ў 1944 годзе. Яшчэ ў дзяцінстве Дзям’ян ад свайго дзядзькі вывучыў стараславянскую мову і парадак набажэнства. Дзядзька, Артаеў Пётр Васільевіч, быў бацюшкам у Малой Сырмежы. Стараста прыхода з настальгіяй успамінае мінулае: “Раней на святы сабіралася шмат народу, набажэнства праходзіла ўрачыста, велічна.. Праўда, і строгасць была: мужчын без барады, пітушчых і курцоў бацюшка не павінен быў хаваць.. Аднак цяпер дзе ж так зробіш.. Я і сам бараду толькі пад старасць адпусціў...”
За паўтара кіламетра ад Свіра знаходзіцца стараверскі магільнік.


12. Ілжэдзімітрый I у Свіры

У выніку Лівонскай вайны (1558–83гг.), якую распачаў Іван IV Жахлівы за выхад у Балтыйскае мора, аказаліся спустошанымі не толькі землі ВКЛ (у тым ліку і Свіршчыны), але і самога Маскоўскага княства. У 1601–1603 гадах там пачаўся голад, не сціхалі сялянскія хваляванні. У гэты час і аб’явіўся чалавек, які стаў выдаваць сябе за царэвіча Дзмітрыя Іванавіча, малодшага сына Івана Жахлівага, і прэтэндаваць на маскоўскі трон. Мяркуюць, што самазванец Рыгор Атрэп’еў (1581–1606) быў з беларускага дваранскага роду. Яго падтрымалі польскія магнаты, кароль Зыгмант III, рымскі папа Клімент VIII. Апошні разлічваў з дапамогай Самазванца абярнуць рускіх у каталіцтва. У 1604 годзе Самазванец з’явіўся ў Свіры. Гэта быў адукаваны чалавек, выдатны дыпламат, ведаў некалькі моў і ваенную справу. Свірскія князі Юрый і Аляксандар прызналі яго за царэвіча. Адзін са свірскіх князёў па даручэнню Самазванца паехаў на Дон вербаваць у войска казакаў. Калі Ілжэдзімітрый рушыў на Маскоўскае княства, яго падтрымала апазіцыйнае Барысу Гадунову маскоўскае баярства. На яго баку былі прыгнечаныя сяляне і гараджане, якія наіўна верылі ў “добрага цара”. Яны меркавалі, што Ілжэдзімітрый сапраўды царэвіч і хоча ім дапамагчы. Самазванцу ўдалося авалодаць часткай рускай дзяржавы, Масквой, дзе ён быў каранаваны 27.04.1605 года як цар Дзімітрый I Іванавіч. У паходзе на Маскву ў якасці ваяводы прымаў удзел і адзін з князёў Свірскіх.


13. Літоўскі Геркулес – гаспадар Свіра

Ваенны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ, член магнацкага трыумвірата, які фактычна кіраваў ВКЛ у час адсутнасці вялікага князя, Юрый Мікалаевіч Радзівіл (1480 – красавік 1541) адкупіў у 1527 годзе ад князя Юхны Стацкавіча Свірскага места Свіра і Свірскае возера. За непахісны і загартаваны характар, прыгожы магутны стан новы гаспадар Свіра атрымаў мянушку ”Літоўскі Геркулес” (літоўцамі, ліцвінамі ў той час называлі беларусаў).
Жыў Юрый Мікалаевіч у часы, калі наша гаспадарства адстойвала сваю незалежнасць у змаганні з Маскоўскім княствам на ўсходзе і крымскімі татарамі на поўдні.
У 1511 годзе Ю.М. Радзівіл разам са слуцкім князем Ю.Слуцкім начным нападам разбіў буйны варожы згон і вызваліў тысячы палонных суайчыннікаў, атрымаў слаўныя перамогі над татарамі пад Вішняўцом (1512), Альшаніцамі (1527). У 1519 годзе ўзначаліў шляхецкае рушанне, якое спыніла пад Крэвам паход рускага войска на Вільню, дапамагаў з уласным рыцарскім аддзелам Польшчы ў вайне з Тэўтонскім ордэнам. Яго невялікі корпус узяў шэраг ордэнскіх замкаў: Голанд, Квідзінь, Мельшак, Любаву, Брандэнбург і інш., што прымусіла крыжакаў прасіць міру.
Атрымаўшы ў 1535 годзе вялікагетманскую булаву, правадыр беларускага войска вызваліў ад заваёўнікаў Гомельскую і Старадубскую землі. За тое, што ў 30 бітвах Ю.Радзівілу даставаліся лаўры пераможцы, сучаснікі празвалі яго ганаровым найменнем – Victor, што ў перакладзе з лаціны абазначае “пераможац”.
Яго дачка ад шлюбу з Барбарай Кола – жанчына незвычайнай прыгажосці і трагічнага лёсу. Таксама Барбара (06.12.1520 – 08.05.1551), у 1537 годзе па маёмасных меркаваннях была аддадзена замуж за ваяводу Станіслава Гаштальда, а пасля яго смерці стала жонкай вялікага князя Літоўскага і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста (1550 – 1551).
Сын Мікалай Юр’евіч (1512 – 1586), які меў мянушку Руды, працягваў валодаць Свірам. Ён прадоўжыў традыцыі вайсковай чыннасці бацькі. Як ваенны і дзяржаўны дзеяч, прымаў у 1579 годзе ўдзел у ваеннай нарадзе ў Свіры, якую праводзіў кароль Стэфан Баторый.
Для вызвалення Полацка выставіў 1000 коннікаў і 100 пехацінцаў. Разам з сынамі Мікалаем і Крыштафам прымаў удзел у вызваленні Полацка і застаўся ў гісторыі як мужны абаронца нашай зямлі ад ворагаў.


14. Свірская гара. Абарончыя збудаванні

Валдайскае абледзяненне сфармавала на Свіршчыне марэнны рэльеф з наяўнасцю ўпадзін з азёрамі і балотамі і ўзвышэнняў—озаў і камаў. Свірская гара—круглаватай формы кам. Ранняя гісторыя гары захавалася ў паданнях, якія сведчаць, што ў даўнія часы на гэтым месцы знаходзілася “капішча Перуна”. Вядома, што язычнікі храмаў не будавалі, а маліліся на чыстым месцы перад якой-ненбудзь гарой, на вяршыні каторай мог быць стод ці “святое дрэва”. І абавязкова меўся ахвярнік. Магчыма, Свірская гара і была такім месцам. Раскопкі 1970-га года выявілі, што першапачаткова тут было гарадзішча штрыхавой керамікі. Свіршчына ўваходзіла ў састаў Нальшчанскага кяства, цэнтр якога знаходзіўся ў Крэве. Уладар удзельнага княства Літва Міндоўг Даўгердавіч (1195-1263) пачаў інтэнсіўна пашыраць свае ўладанні. У 1231-м годзе далучыў Наваградак, потым землі пляменнікаў Эрдзівіла і Таўцівіла. У такіх абставінах Нальшчанскі князь Даўмонт Раманавіч распачаў захады па павышэнні бяспекі княства. Цэнтр з Крэва , які знаходзіўся на памежжы, перанёс у Свіра, якое размяшчалася ў даволі зручным у стратэгічных адносінах месцы. З поўначы і захаду яго акружалі рака Свірыца і азёры Чорная Лужа, Свірыца і Свір, з захаду–балоты. А каб трымаць абарону з поўдня, было вырашана ўзвесці крэпасць, для чаго выбралі Свірскую гару. Высокая і крутая ў часы, калі зброяй служыў меч і страла, з’яўлялася выдатным месцам для абароны.
З дакладных крыніц вядома, што ў Х 111
Стагоддзі на вяршыні Свірскай гары князь Даўмонт збудаваў замак. Гэта быў тыповы горны замак, які паўтараў абрысы гары, для абароны выкарыстоўваў круглыя камяні, бярвенні, смалу, варатак.
Паводле М.Стрыйкоўскага замак Даўмонт збудаваў на высокім пагорку з вельмі стромкімі схіламі, гэта быў 1250 год.Даследванні паказалі, што драўляны замак займаў пляцоўку на пятнаццаціметровай гары памерам 30х40 метраў, быў абнесены кальцавым трохметровым валам. З поўначы рэзідэнцыю прыкрывала ўмацаванне на гары Форціха, дзе размяшчалася збраёўня і княжацкая дружына. Абедзве гары былі абнесены ровам, які запаўняўся вадой са Свіранкі.
У час раскопак на гары вучоныя знайшлі чалавечыя косці і меч, разнастайныя вырабы з бронзы, жалеза, каменя, гліны, ляпную і ганчарную кераміку.
Усходняя частка гары разбурана. У 50-я гады ХХ стагоддзя бралі жвір і з заходняй часткі гары. Відавочцы расказваюць, што з гарыскочвалася шмат камення рознага памеру, абмазаных глінай і вапнай. Можна меркаваць, што гэта рэшткі фундамента замка.
З гэтай гары у 1579 ? годзе выступаў кароль Стэфан Баторый ў час агляду войска, пагэтаму яе яшчэ называюць “Гарой Баторага”. На гары мелася магіла паўстанцаў 1863 года і стаяў помнік-абеліск—выява арла, які дзюбай і кіпцюрамі разрывае ланцуг. У 1940-м годзе помнік быў знесены.
Зараз ў падножжы гары ўстаноўлен абеліск на брацкай магіле воінаў і партызан, што загінулі ў час Другой сусветнай вайны.

Іншыя ўмацаванні

Для абароны рэзідэнцыі з паўднёвага захаду ва ўрочышчы Гарадок на мысе прыроднага ўзвышша, што ўразаецца ў возера Свір, мелася таксама ўмацаванне, якое было абнесена валам ў 1,5 метра і ровам шырынёй 8-10 метраў. За 2 км ад Свіра на захад знаходзіцца”Паклонная гара”,дзе мелася варта і мытня. У мірны час госці тут “білі паклон”-прасілі дазволу ўехаць у Свіра, а ў неспакойны час—папярэджвалі аб небяспецы. Меліся назіральныя пункты за ракой Страча: Бакшты(з балцкага-вежа),Вялікія і Малыя Стаўпяняты(ад слова “стаўпы”-назіральныя вышкі),стажары.
Свірскую гару яшчэ называюць гарой Баторыя. Гэта па той прычыне, што вялікі князь ВКЛ і кароль польскі Сцяпан Батура ў час свайго побыту ў Свіры з гэтай гары 30 чэрвеня 1579 года прымаў парад радзівілаўскіх рот і ваяроў крайчага Яна Кішкі. Са Свіры войскі Полацкім трактам рушылі да Слабодкі (зараз Канстанцінава), у Камароўскім лесе разбілі лагер і выкапалі студню, якую старажылы называлі Каралеўскай. Ваду з існуючых студняў браць асцерагаліся з-за эпідэміі і магчымага атручвання вады рускімі лазутчыкамі. Стаўка С.Батуры знаходзілася ў рэзідэнцыі Я.Кішкі – Бакштах. Тут адбывалася ваенная нарада, дзе было вырашана ісці на вызваленне ад Івана Жахлівага Полацка. 12 ліпеня гэтага года С.Батура выдаў адозву на лацінскай мове, якая была перакладзена на мовы ваяроў, з якіх склалася войска. Паплечнікам С.Батуры быў таленавіты ваеначальнік, камандзір венгерскага войска Бекеш Каспар (1520-1579). Яго аднафамілец вызначыўся ў час аблогі Полацка, дзе быў пакалечаны. Ад караля С.Батуры атрымаў надзел у Бакштах. Нашчадкі родапачынальніка венгерскае прозвішча Бекеш пранеслі да нашых дзён. Захавалася ля Бакштаў некалькі дубоў, якія высадзіў крайчы Ян Кішка ў памяць аб тым, што на яго ўладаннях размяшчаўся ваенны лагер С.Баторыя.


15. Змагар за родную мову

11 ліпеня 1885 года ў вёсцы Нецькі на Свіршчыне нарадзіўся каталіцкі святар, рэлігійны і грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя Францішак Рамейка.
Cвірскі ксёндз Kaзімір Валюнас параіў бацькам набожнага хлопчыка Францішка вывучыць на святара.
У лістападзе 1903 года 18-гадовы юнак вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай кaмісіі Маскоўскай навучальнай акругі. У 1905 годзе Францішак паступіў і ў 1909 годзе закончыў Віленскую духоўную семінарыю, дзе пад час вучобы пасябраваў з будучым вядомым святаром і беларускім пісьменнікам з Лакцян (зараз Астравецкі раён) Янкам Семашкевічам (псеўданім – Янка Быліна).
Спачатку малады святар атрымаў пасаду вікарыя пры бернардзінскім касцёле ў Вільні, потым яго перавялі вікарыем у мястэчка Іўe Ашмянскага павета. 3 1910 па 1921 гады Рамейка працаваў пробашчам у парафіі Сельцы Пружанскага і Шарашова Дзісненскага паветаў. Францішак вызначаўся энергіяй і ініцыятыўнасцю, меў выдатныя музычныя здольнасці, ахвотна спяваў сам і вучыў моладзь, дзяцей спяваць па-беларуску. Спеў ажыўляў ігрой на гітары. Ён з ахвотай гутарыў з людзьмі на роднай мове на ўсялякія гаспадарчыя і грамадскія тэмы, разумеў сялян. I яны яго разумелі, з ахвотай усюды прымалі.
Пробашч Францішак Рамейка выступаў за шырокае ўжыванне беларускай мовы ў рэлігійным жыцці. Ён матэрыяльна падтрымліваў беларускія каталіцкія выданні: “Belarus”, “Krynica” і іншыя. Добраахвотна распаўсюджваў сярод вернікаў газету “Krynica”, кнігі для набажэнства, календары на беларускай мове.
У 1923 годзе Ф.Рамейку перавялі ў Задарожжа Дзісненскага павета. Вёска знаходзілася воддаль ад дарог, у глушы, у дажджлівае надвор’е туды нельга было нi даехаць, нi дайсці. Касцёл узвышаўся над усёй ваколіцай i бачны быў здалёк. Будынак быў прыгожы. Bepнікi гэтай парафіі былі шчырымі беларусамі і касцельную навуку нa польскай мовe разумелі не ўсе. Кaлi перад вернiкaмi выступаў на польскай мове прафесар Віленскага універсітэта i гаварыў аб пеciмiзмe i меланхоліі беларусаў, дык потым “разумнейшыя” сцвярджалі, што ён “загадаў маліцца за душу святой Меланхоліі”.
Аднойчы летам пярун ударыў у касцёл, прабіў пярэднюю сцяну, пакінуўшы на хорах фіялетавую пасму, папсаваў арган. Праціўнікі беларушчыны сталі распаўсюджваць чуткі, што гэта здарэнне — Божая кара за тое, што на хоры ігралi і спявалі беларускія набожныя песні. Пробашчу прыйшлося расказаць вернікам аб прыродзе паходжання грому i маланкі, а на касцёле ўстанавіць маланкаадвод.
Польскія ўлады імкнуліся справакаваць вернікаў выступіць супраць беларускай мовы ў касцёле. У 1923 годзе на Аспажу Ф. Рамейка прапанаваў святару Я. Германовічу сказаць навуку па нешпарах.
— Калі я пачаў гаварыць навуку на беларускай мове, – успамінае Я. Германовіч, – то з прэзбітэрыя выйшаў стары высокі чалавек з барадой i стаў прамаўляць да людзей: "Выходзьце, выходзьце". Людзі далі яму дарогу, але ніхто не выйшаў. Гэта быў мясцовы пан-асаднік Яцына.
Другі раз гэты самы пан у час набажэнства ля капліцы закрычаў: "Досыць табе по-москевску гадаць!". Яшчэ нешта крычаў, аж пакуль над яго галавой не паказаліся кулакі. Яцына ўскочыў на воз, ударыў па кані. Сяляне ўслед яму запусцілі некалькі камянёў.
Вось у такіх умовах уводзіў у касцёл родную мову наш зямляк.
Яшчэ адзін выпадак. У пачатку 1924 года памёр ксёндз Шаркаўшчынскай парафіі Зянон Якуць. На хаўтурах сярод іншых быў i Ф. Рамейка. Прамовілі казанне на Літургію па-польску.
— Трэба, каб было i беларускае казанне, — сказаў Ф. Рамейка. — Якуць — наш родны беларус. Ён тут гаварыў па-беларуску, дык сорамна было б, каб пa iм нixто не сказаў бы па-нашаму.
Усе пагадзіліся.
За пашырэнне беларускай мовы ў касцёле i штодзённым жыцці парафіян ксёндз праследаваўся. польскімі свецкімі i духоўнымі ўладамі. Напрыканцы 20-х гадоў быў часова пазбаўлены права займацца пастырскай дзейнасцю. У 1931 годзе Францішак прыбыў у Вільню. Аднойчы зайшоў да айца Адама Станкевіча. Быў: вельмі ўсхваляваны з-за дыскрымінацыі i псіхалагічнага ўціску з боку польскіх духоўных улад Віленскай дыяцэзіі. Не дачакаўшыся вяртання Станкевіча, знайшоў схаваны пісталет i застрэліўся. Гэта здарылася 16 чэрвеня 1931 года. Святар не змог спакойна перажыць націск польскай палітычнай і духоўнай улады супраць беларускай дзейнасці ў касцёле i парафіі. Біcкyп растлумачыў гэты выпадак як нервовы шок i дазволіў пахаваць яго з ксяндзом, але раненька і без народу. Пахавалі нашага земляка на віленскix бернардзінскіх могілках.
Дзякаваць Богу, які вуснамі рымскага Папы Яна Паўла ІІ заклікаў святароў маліцца ў храмах на роднай мове; што ў нашых касцёлах гучыць беларуская мова. Значыць, справа, за якую. змагаўся наш зямляк ксёндз Францішак Рамейка, жыве.


16. Камандзір атамнай падвадлодкі

Пруднікаў Анатоль Іосіфавіч нарадзіўся 2 лістапада 1939 года ў вёсцы Болькава Свірскага сельсавета. Яго бацька Іосіф Дзмітрыевіч спачатку працаваў у Свірскай МТС (в.Камарова), потым дырэктарам торфапрадпрыемства “8 Сакавіка”. У сям’і было пяцёра дзяцей – тры хлопчыкі і дзве дзяўчынкі.
Пасля атрымання сярэдняй адукацыі ў Свірскай СШ Анатоль Іосіфавіч служыў матросам у марской авіяцыі (стралком-радыстам) у бухце Бялужаў на Новай Зямлі на атамным палігоне. Прысутнічаў пры выпрабаванні ядзернай зброі.
Пасля воінскай службы паступіў у Ленінградскае вышэйшае ваенна-марское вучылішча падводнага плавання (ВВМВПП) імя Ленінскага камсамола, якое закончыў у 1968 годзе і быў накіраваны на службу на Поўнач у пасёлак Баджыева на пасаду камандзіра ракетчыкаў. Пасля заканчэння ў 1974 годзе вышэйшых афіцэрскіх курсаў яго прызначылі камандзірам атамнай падводнай лодкі. Капітан І – га ранга на гэтай пасадзе праслужыў дзесяць год, удзельнічаў у выпрабаванні новай апаратуры і навейшай зброі. У 1991 годзе выйшаў у адстаўку.
Узнагароджаны ордэнам ”За службу ва Узброеных Сілах”, пяццю медалямі; з’яўляецца “Выдатнікам баявой і палітычнай падрыхтоўкі”, “Вэтэранам Ваенна-Марскога Флоту”.
Мае трох сыноў.


17. Прапагандыст народнага мастацтва

На драўлянай трубачцы з бяросты з раструбам на канцы i некалькімі галасавымі адтулінамі сялянскі хлопчык са Свіра Ўладак Бартусевіч навучыўся іграць так віртуозна, што яго сталі запрашаць для ўдзелу ў мастацкай самадзейнасці. Ён нарадзіўся 5 лютага 1927 года, а ў 10-гадовым узросце атрымаў прызнанне ад мясцовых знаўцаў музыкі i простых слухачоў.
У 1945 годзе ўладкаваўся на працу ў Народны ансамбль песні i танца Літоўскай ССР "Летува", гpaў на жалейцы. Каб атрымаць грунтоўныя прафесійныя веды па музыцы, у 1947 годзе паступіў вучыцца ў Віленскую кансерваторыю: па класах жалейкі i народных інструментаў. Адначасова працягваў іграць у ансамблі. Па заканчэнню вучобы атрымаў кваліфікацыю выкладчыка музыкі i рэжысёра, стаў працаваць мастацкім кіраўніком ансамбля песнi і танца Віленскага Дзяржаўнага універсітэта імя В.Капсукаса. Пад яго кіраўніцтвам ансамбль падрыхтаваў 8 арыгінальных праграм, аўтару ў 1955 годзе прысвоілі званне заслужанага артыста Літвы. Ансамбль прызналі адным з лепшых у Савецкім Саюзе. На сусветным фестывалі моладзі i студэнтаў у 1957 годзе ў Маскве ансамбль узнагародзілі залатым медалём.
3 1965 з'яўляўся галоўным дырыжорам Рэспубліканскіх святаў neснi i танца. 3 1962 па 1972 гады кipaваў Літоўскім ансамблем песні і танца "Летува", з якім падрыхтаваў 5 новых праграм. За падрыхтоўку праграмы "Вецер стагоддзя" яму прысвоілі званне заслужанага дзеяча мастацтваў Літоўскай ССР (1966), за праграму "Святочныя вечары" у 1970 годзе ўзнагародзілі Дзяржаўнай прэміяй СССР, а праз чатыры гады прысвоілі званне народнага артыста Літоўскай ССР. 3 ансамблем "Летува" гастраляваў па рэспубліках Савецкага Саюза, а таксама ў Аўстрыі, Англіі, Індыі, Канадзе, Францыі, Фінляндыі, Японіі.
3 1972 па 1982 год ён з'яўляўся галоўным рэжысёрам Дзяржаўнай філармоніі Літвы, быў рэжысёрам мангольскіх масавых выступленняў ва Улан-Батары i Маскве, яму нават прысвоілі званне заслужанага дзеяча мастацтваў Мангольскай Народнай Рэспублікі.
Улад Бартусевіч займаўся выкладчыцкай дзейнасцю, шмат друкаваўся ў перыёдыцы, пісаў артыкулы пра народную музыку, рэдагаваў кнігі. У самай апошняй яго публікацыі "На ніве народнага мастацтва", што выйшла ў 1983 годзе, апісана ўся творчая дзейнасць за 30 гадоў. Ён не паспеў убачыць гэту манаграфію надрукаванай — памёр 10 сакавіка 1982 года.
Наш зямляк шырока прапагандаваў старадаўнюю беларускую жалейку, зpaбіў значны ўклад у прапаганду народнага мастацтва.


18. Мужны носьбіт Божага слова

Ядвіга Эдуардаўна Субко нарадзілася ў 1926 годзе ў вёсцы Лушчыкі. Бацька пры царызме настаўнічаў, пры Польшчы быў намеснікам войта, маці Броня – хатняй гаспадыняй. Сям’я вылучалася працавітасцю і высокай рэлігійнасцю. Да вайны Ядзя скончыла 6 класаў польскай школы.
1939 год. Пачатак сталінскіх рэпрэсій для “заходнікаў”. Бацька вельмі трывожыўся за лес сям’і, моцна перажываў і раптоўна памер , пакінуўшы сіротамі 11 дзяцей. Каб аблегчыць матэрыяльнае становішча сям’і Субкаў, цетка Кубліцкая забрала Ядзю да сябе ў Страчу. Там зімой 1940 года на вачах Ядзі НКУСаўцы арыштавалі цётку, забралі усю маёмасць.Жанчына была вывезена ў Сібір, дзе памерла ад голаду і нястачы.
1941 год. Фашысцкая акупацыя,калі днем баішся немцаў,а ноччу – партызанскіх пабораў. Потым зноў пасляваенныя сталінскія рэпрэсіі. У такіх варунках жыцця Ядзя ўскладала надзею толькі на Бога. Дзяўчынка добра малявала, ёй параілі паступіць вучыцца ў Мінскую мастацкую студыю.Яна адмовілася, бо даведалася, што там пануе ваяўнічы атэізм.
Калі ўлады на Свіршчыне замахнуліся на адзінае яе апірышча – рэлігію – Ядзя запратэставала. Гэта танклявая невысокая жанчына становіцца мужным носьбітам Божага слова – распачынае катэхізацыю дзяцей.
Пасля смерці ў 1960-м годзе ксяндза Казіміра Шымэйкі яго сястра Алена Тышко заснавала ў Свіры закон Дзевы Марыі. Дом на Гагарына – 4, дзе жыў ксендз, становіцца домам законнім,да якога і далучаецца сястра Ядзя. У 1961 годзе ўлады зачыняюць касцёл, ксёндз Адам Вайцяхоўскі пераносіць Найсвяцейшы сакрамэнт у дом сёстраў законных, дзе адзін з пакояў прыстасоўваюць пад каплічку.
Тут у вялікім сакрэце Ядвіга працягвала праводзіць катэхізацыю, падрыхтаваных суправаджала да касцёлу ў Канстанцінава, Міхалішкі або Вільню...
Дзейнасць не засталася не заўважанай ўладамі. У адной з газет пісалася: “Грамадзянка Субко Я., кастэлянша Свірскай бальніцы, выхоўвалася ў рэлігійнай сям’і, была служанкай у розных ксяндзоў і зараз запрашае вучняў 5 – 7 класаў на кватэру, вучыць малітвам, рыхтуе да споведзі, чым парушае закон аб культах. На паседжанні адміністрацыйнай камісіі Свірскага пассавета ёй было вынесена спагнанне”.
Субко усё адно працягвала сваю справу. Вядома, напрыклад, што летам 1980-га года за свой кошт тры разы вазіла дзяцей да касцёлу ў в. Міхалішкі. Больш трыццаці год займалася катэхізацыяй Я.Субко у такіх умовах.
Яна адна з першых ездзіла па міністэрствах і ведамствах, каб аддалі касцёл вернікам. У адну толькі Маскву давялося з’ездзіць разоў з дзесяць, пакуль атрымалі дазвол.
Апошнія тры гады свайго жыцця Я.Субко правяла ў манастырскім прытулку г.Ліды. У 2004 годзе яе не стала, але зерне рэлігійнасці, закладзенае ў душы людзей, не прапала, а справа катэхізацыі доўжыцца.


19. ГІСТОРЫЯ КАХАННЯ

Яніна была дачкою Свірскага магната, Адам – яго прыгонным.
Адам валодаў выключным прыродным талентам мастака, музыкі, выканаўца народных песень. Самавукам ён авалодаў першапачатковай граматай. Заўсёды бескарысліва дарыў свае веды сялянам, калі здаралася такая патрэба. І пан заўважыў хлапчука. Убачыў у ім кемлівага добрага паслугача, які павінен прынесці не толькі карысць, але можа праславіць і імя гаспадара. Таму за свае сродкі яснавяльможны накіроўвае Адама на вучобу ў Рым.
За час вучобы ў Ватыкане Адам набыў самыя разнастайныя і трывалыя веды. Ён стаў кампазітарам, мастаком, архітэктарам, урачом, настаўнікам...
Нечакана для пана Яніна пакахала прыгажуна Адама, калі той вярнуўся ў маёнтак: высокага, стройнага, статнага, светлавалосага і сінявокага юнака. Адам сапраўды быў настолькі прыгожы, што здавалася: ажыла статуя Апалона, быццам сама беларуская зямля аддала яму сваю прыгажосць.
На любоў паненкі Адам адказаў узаемнасцю. Толькі іх чыстая, светлая і высакародная любоў недаспадобы прыйшлася магнату. Нягледзячы на тое, што Адам яму дорага каштаваў і быў патрэбен, пан аддаў загад: “Блізнюка арыштаваць, закаваць у кайданы і пасадзіць у скляпенне, пакуль не апомніцца!”.
Яніна вызваліла каханага і схавала яго ў сваёй вёсачцы Стажкі, якая стаяла непадалёку ад возера Свір на беразе невялікай рачулкі Страча. Гэтай вёсачкай Яніна асабіста валодала па спадчыне ад маці. Так у Стажках апынуўся Адам. А неўзабаве каханыя тут і абвянчаліся. У вялікім абурэнні і злосці вяльможа адцураўся ад сваёй адзінай дачкі і спадчынніцы. Адама ж загадаў забіць. Неаднаразова яснавяльможны падсылаў забойцаў, але сяляне, якія любілі Адама, папярэджвалі і кожны раз ахоўвалі. Не дзіва! Ён жа сам быў селянінам, лячыў аднавяскоўцаў, не беручы за гэта ніякай узнагароды і вучыў іх грамаце, іграў для іх і спяваў песні...
У гонар каханай непадалёку ад Стажкоў на маляўнічым узвышшы Адам пачаў тым часам будаваць вялікі касцёл і да другой канфірмацыі Яніны завяршыў работу. У дзень, калі павінна была адбыцца канфірмацыя, прызначылі адкрыццё новага храма. На фасадзе паміж двума купаламі Адам павесіў палотнішча, але вецер пераблытаў яго. Адам зноў палез на купал, каб паправіць уласнай рукой. Пажадаў асабіста гэта зрабіць у знак сардэчых і шчырых пачуццяў да жонкі. А тым часам узмацніўся вецер. Лінуў дождж. Дах зрабіўся коўзкім. Адам не ўтрымаўся і разам з палотнішчам паляцеў зверху на мураваны ганак... Забіўся насмерць. Ад моцнага ўдару ў яго адна нага адламалася.
Так загінуў Адам.
Яніна, якая цяпер (незадоўга да гэтага памёр яе бацька) была вялікай гаспадыняй, забальзаміравала цела мужа і пахавала яго побач з касцёлам. Асабістае жыццё згубіла для яе ўсякі сэнс. Яніна адчуралася ад “свецкага” жыцця, вызваліла ад прыгону многіх сялян, перадала манастыру значную частку маёнтка і сама пасялілася ў манастыры...
А неўзабаве яе знайшлі мёртвай на магіле Адама, якую нябожчыца абдымала застылымі рукамі і цалавала з пяшчотнаю ўсмешкай на твары. Яніну пахавалі ў скляпеннях замка, побач з яе родзічамі, продкамі... Ішоў час. Гісторыя Яніны і Адама абрастала ўсё новымі і новымі легендамі, ператвараючыся ў велічнае паданне, гісторыю светлага, чыстага кахання. Усе часцей і часцей прыходзілі або прыязджалі ў Стажкі, каб схіліць галаву перад магілаю Адама. І пайшлі чуткі, што нібыта Адам з’яўляецца ноччу ў касцёле. Ён малюе ікону святой Яніны-Ніны. І сапраўды, такая ікона аднойчы была знойдзена ў касцёле, а пад ёю – невялічкая драўляная статуэтка самога Адама. Казалі, што гэта зрабіў нейкі другі самародак з народа. З таго часу касцёл становіцца месцам паломніцтва многіх і многіх людзей. Веруючыя абвяшчаюць Яніну і Адама заступнікамі і ахоўцамі шлюбу і сям’і. Да магілы Адама ідуць маладыя перад тым, як павянчацца, каб пакланіцца яму і прасіць благаславення на шчасце...
Калі папскі легат пачуў гэту гісторыю, ён вельмі зацікавіўся ёю, вывучыў, а потым аб ёй зрабіў даклад сходу кардынала ў прысутнасці папы. Вось тады і з’явіўся на свет указ папы аб прызнанні Яніны і Адама святымі. У маленькія Стажкі (Сташкі) збіраюцца прэлаты, прадстаўнікі вышэйшага каталіцкага духавенства, вялікі клір, каб згодна абраду, які варты высокага сану святых, зрабіць перанос мошчаў Яніны і Адама ў спецыяльнае скляпенне, пабудаванае ў касцёле прама пад клірасам.
У сувязі з тым, што Яніна папярэдне забальзаміравала цела Адама, яго мумія засталася. Таму Адама паклалі ў спецыяльны шкляны саркафаг, які паставілі на спецыяльнае ўзвышша. Сама Яніна была пахавана па-простаму (яе мошчы не захаваліся).


20. “Вабіла і чаравала ўсё светлае, высокае, сільнае”

У 1920/21 навучальным годзе па пратэкцыі Браніслава Тарашкевіча парог Свірскай сярэдняй школы пераступіў 25-гадовы настаўнік пачатковых класаў, будучы беларускі літаратуразнавец, паэт і грамадскі дзеяч, духоўны лідэр вызваленчага руху Заходняй Беларусі – Ігнат Сымонавіч Дварчанін.
Нарадзіўся ён 8 чэрвеня 1895 года ў вёсцы Пагіры Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Пасля заканчэння Дзятлаўскай настаўніцкай школы каля трох гадоў настаўнічаў у вёсцы Хмельніца Слонімскага павета. Пасля службы ў арміі (1915 – 1917 гады) ступіў на шлях свядомай палітычнай, рэвалюцыйнай дзейнасці. Супрацоўнічаў у газеце “Вольная Беларусь”, дзе выступаў пад псеўданімам “Гудок”.
У Маскве 21 – 22 ліпеня 1918 года на нарадзе настаўнікаў Беларусі выступіў з дакладам, у якім асаблівую ўвагу звярнуў на неабходнасць паважнага стаўлення да роднай мовы, дэталёвага вывучэння беларускай літаратуры, і наогул, “каб народ беларускі пазнаў самога сябе і лічыў сябе як роўны з роўнымі”.
Са жніўня 1918 па ліпень 1920 ён жыў у роднай вёсцы, у 1918 годзе ў суседняй вёсцы Пецюкі адкрыў прыватную беларускую школу. Потым працуе пісарам ў беларускім аддзеле Дэпартамента асветы Сярэдняй Літвы, грузчыкам, вартаўніком на фабрыцы “Вікторыя”...
І, нарэшце, Свіра. Дзве прычыны вызначылі яго выбар. Мястэчка Свіра давала магчымасць І.С. Дварчаніну займацца любімай справай на ніве нацыянальнага Адраджэння. Тут ён пачуваўся ў асяроддзі аднадумцаў. У суседнім Засвіры працаваў святаром адданы змагар за беларускасць паэт Казімір Сваяк. Сюды прыязджаў паэт, публіцыст, аўтар музыкі зборніка песень “За Бацькаўшчыну” Альбін Стаповіч; вядомы беларускі дзеяч Адольф Клімовіч, прыхільнік беларускага Адраджэння Людвік Хамінскі з Альшэва, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі. У Свіры жыў аўтар кнігі пра Свіршчыну, краязнавец-аматар Юры Жамейць. З другога боку, у Свіры не хапала настаўнікаў і можна было падзарабіць. Грошы яму былі патрэбны, каб наняць рэпетытара для здачы экстэрнам экзаменаў за курс сярэдняй школы.
Пасля Свіра ён едзе ў Латвію, дзе арганізоўвае беларускія школы, прымае ўдзел у стварэнні Таварыства беларусаў Латвіі “Бацькаўшчына”. У Дзвінску чытае лекцыі па беларусазнаўству на настаўніцкіх курсах. Вучобу працягвае ў Карлавым універсітэце ў Празе, дзе выпускае літаратурны часопіс “Перавясла”, абараняе доктарскую дысертацыю “Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве”. Гэта была першая манаграфія пра Скарыну, напісаная беларускім аўтарам.
На радзіме Ігнат Дварчанін зблізіўся з Антонам Луцкевічам, увайшоў у Галоўную ўправу ТБШ, супрацоўнічаў з часопісам “Родныя гоні”, выкладаў родную мову ў Віленскай беларускай гімназіі. У час працы ў Вільні І.С. Дварчанін склаў “Хрэстаматыю новай беларускай літараруры ад 1905 года”, якая ўвабрала ў сябе тэксты многіх беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, у тым ліку і нашага земляка – К. Сваяка. Хрэстаматыя адыграла вялікую ролю ў навучанні і патрыятычным выхаванні заходнебеларускай моладзі.
Як палітычна ненадзейнага, у 1930 годзе яго арыштавалі палякі, потым абмянялі на польскага вязня з савецкай турмы. З лістапада 1932 года – супрацоўнік Інстытута мовазнаўства АН, потым – дырэктар. Уступае ў члены КПБ(б). 16 жніўня 1933 года быў арыштаваны і прыгавораны да расстрэлу. Прыгавор замянілі пазбаўленнем волі на дзесяць год. 8 снежня 1937 года па прыгавору тройкі УНКУС расстраляны як удзельнік “Беларускага нацыянальнага цэнтра”, якога на самой справе не існавала.
Па абедзвюх справах 19 красавіка 1956 года Трыбуналам Беларускай ваеннай акругі пасмяротна рэабілітаваны, як невінаваты.
У рукапісах І.С. Дварчаніна маецца шмат цікавых артыкулаў, у тым ліку гісторыяграфічная праца “Спробы апісання біяграфіі аб доктару Ф. Скарыне”. У ёй – спасылкі аж на 133 працы навукоўцаў усяго свету, якія пісалі пра нашага першадрукара.

У вершах ён падтрымліваў патрыятычныя настроі землякоў, выказваў рамантычную веру ў светлую будучыню Бацькаўшчыны:
Ня бойся, мой брат, не загінуць зярняты,
Што ўкінеш ты вернай рукой,
Як дар яны з неба там будуць прыняты
Даўно ўгатаванай раллёй.
(“Брату – вучыцелю”, 1921 г.)

У вершы – прытчы “Сланечнікі” заклікае не забываць пра свае карані:
Людцы, паслухайце мужчыну,
За сонцам гніцесь, як расліны,
Адное мейце на сумленні,
Свае карэнні.
(1928 г.)

Вельмі стасуецца да сённяшняга дня сваім гучаннем верш “Маўчы”:
Маўчы, мой браце, хай другія
Гавораць свету аб табе, –
Табе нічога не патрэбна,
Ты спі, замкнуўшыся ў сабе...
(1927 г.)


21. Найбольш вядомыя прадстаўнікі князёў Свірскіх

Князь Андрэй Свірскі падпісаў мірны дагавор князя Свідрыгайлы з Лівонскім ордэнам (15.05.1432), подпісы Эрыка і Рамана стаяць на дагаворы паміж вялікім князем Жыгімонтам Кейстутавічам і каралём Ягайлам (20.01.1433). Князь Івашка Свірскі быў актыўным правадніком каталіцызму на Свіршчыне, пабудаваў у 1452 годзе ў Свіры драўляны касцёл. Вайцех Юхнавіч быў Крэўскім (1543 – 1547) і Свірскім (1533 – 1547) харунжым, прадаў Мядзела Гаштальду. Мікалай Вайцехавіч быў цытрынскім епіскапам (1563), хелмскім суфраганам (1572), дэпутатам ад Віленскага ваяводства, членам царкоўнага сабора, дзе была прынята Брэсцкая царкоўная унія (1596). Пецька Эрыкавіч, а потым і яго сын Аляксандр служылі ў слуцкіх феадальных князёў, Аляксандр быў намеснікам слуцкага князя Юрыя Сямёнавіча, за службу атрымаў маёнтак, які перадаў сыну Ждану. Апошні быў маршалкам у 1527 – 1528.
Князь Андрэй Пецькавіч вызначаўся мецэнацтвам. У 1462 годзе сваім коштам залажыў у Варнянах касцёл св. Юры, дзе быў пробашчам. Цёпла адклікаўся пра яго мецэнацтва магістр Кракаўскага універсітэта Адам з Котры: “Князь Андрэй Свірскі прыбыў у Кракаў з групай суайчыннікаў”. Гэта быў 1476 год. Вучыўся сам і за свой кошт вучыў суайчыннікаў. Сам Андрэй Пецькавіч вучыўся добра: у 1478 годзе атрымаў ступень бакалаўра, потым абараніў званне магістра і ў 1488 – 1489 гг чытаў ва ўніверсітэце лекцыі па Арыстоцелю. Вярнуўся на радзіму, быў Віленскім прэлатам (вышэйшая духоўная асоба) і канонікам (членам духоўнай калегіі – капітулы).
Марцін Пецькавіч з’яўляўся берасцейскім падстарастам (1526), Якуб Аляксандравіч – ігуменскім намеснікам Віленскага біскупа В. Пратасевіча, гаспадарскім (вялікага князя) маршалкам, Станіслаў Вайцехавіч – падсудкам у Ашмянскім павятовым судзе. Лукаш Баляслававіч (1530 – 1593) быў вельмі дзелавым чалавекам, значна павялічыў свае ўладанні, дакупіўшы Мікалаеўшчыну, Страчу, Каркозішкі, Ясень; выкупіў частку Свіры, набыў права на Слуцкія маёнткі Вызну, Усава і Прусы. Удзельнік Лівонскай вайны(1560), працаваў пісарам Віленскага ваяводы Радзівіла М. Чорнага, быў прыдворным вялікага князя(1565), крэўскім старастам (1565 – 1569) і гаспадарскім маршалкам. Прымаў удзел у рабоце Люблінскага сойму, яго подпіс стаіць пад актам Люблінскай уніі. У 1570 годзе атрымаў каралеўскі прывілей на вёскі ў Жамойціі, быў біржайскім цівуном.
У першых мемуарах, напісаных па-беларуску Фёдарам Еўлашоўскім (1546 – 1619), прыгадваецца Варшаўскі сойм (1578 год), на якім былі зацверджаны папраўкі да Статута. Аўтар не хавае захаплення, што на ім “маршалковал меж послами” зусім не паляк, а прадстаўнік Княства гаспадарскі маршалак князь Лукаш Болька Свірскі, адзначае ўзрослую палітычную вагу Княства, дасведчанасць яго прадстаўнікоў, тое, што сойм адступіў ад даўно прынятай традыцыі, паводле якой гэтыя абавязкі ўскладаліся на грамадзян польскага паходжання (яшчэ толькі на двух соймах “маршалкавалі” нашы землякі: у 1600 годзе брэскі падыкторы маршалак М.Свірскі, і ў 1784 годзе пінскі стараста К.Хамінскі). На гэтым жа сойме Лукаша Больку прызначылі зборшчыкам грошай ад “паборцаў”, г.зн. зборшчыкаў падаткаў. Ён добра ведаў рымскае права, таму ў 1584 годзе быў уключаны у склад камісіі па стварэнню Статута ВКЛ 1588 года.
Яго брат Януш таксама быў удзельнікам Лівонскай вайны, потым працаваў мастаўнічым (кіраваў будаўніцтвам мастоў) у Полацкім ваяводстве. Ад Жамойцкай зямлі быў абраны паслом на Люблінскі сойм, дзе як пасол і гаспадарскі маршалак 1 ліпеня 1569 года падпісаў акт Люблінскай уніі аб аб’яднанні ВКЛ і Каралеўства Польскага ў адзіную федэратыўную дзяржаву – Рэч Паспалітую. Быў уключаны ў камісію па дапрацоўцы Статута ВКЛ, кіраваў маёнткам каралевы Боны ў Мядзелі, з’яўляўся адным з актыўных прыхільнікаў кальвінізму ў ВКЛ, яго коштам быў адкрыты ў Свіры кальвінскі збор (малітоўны дом). У 1580 годзе кароль С.Баторы паслаў яго ў Воршу на мірныя перамовы з маскоўскім пасольствам. Перамовы не мелі выніку. У 1588 годзе Януш прызначаецца віленскім намеснікам. Памірае ў 1597 годзе.
Леў- Ян Свірскі быў маршалкам рэчыцкага павету Мінскага ваяводства(1619). Юры Свірскі быў дэпутатам на фіскальны трыбунал ад Смаленскага ваяводства. Марка быў слаўным ротмістрам пры каралі Аўгусце (1629). На выбарчым сойме 1640 года Трокскае ваяводства прадстаўляў Міхал Свірскі, князь Ярош Свірскі у 1663 годзе быў гродскім Слонімскага суда, Самуэль – суаўтар Канстытуцыі 1648 года, Мінскі земскі суддзя(1674), Ашмянскі падчашы(1...).
Што дачыць лініі па “кудзелі”, то вядома, што Цемкоўскі Каспар (1826 –1877), быў паўстанцам 1863 года, меў псеўданім “Цвік”. Сын Ігната Цемкоўскага і Альбіны Свірскай набраў і ўзброіў сваім коштам 200 паўстанцаў. Ён не меў воінскага чыну, але Народны Ўрад за яго заслугі іменаваў Цемкоўскага палкоўнікам.


22. Свірскія

У 15 стагоддзі вялікімі маёнткамі і вёскамі ў наваколлі возера Свір валодалі князі Свірскія. Паводле свайго паходжання лічыліся адным з найдаўнейшых родаў не толькі на Ашмяншчыне, але і ў ВКЛ. Яны былі нашчадкамі племянных, потым удзельных князёў у гэтым рэгіёне
Унук Юлія Жывабунд княжыў у Дзяволтве, ажаніўся з дачкой князя Кернаса Паяце і ў 1200 годзе стаў князем Літвы. Яго сын Кукавойст меў Гілігіна, а ў апошняга быў сын Раман, які меў пяць сыноў. Адзін з іх, Даўмонт, стаў князем ўладання Нальшчан з цэнтрам ў Крэве, а яго брату дасталіся ўладанні вакол Свірскага возера. Па назве возера наваколле называлася Пасвір’ем, умацаванае гарадзішча – Свірам, а князі – Свірскімі.
.
Род Свірскіх быў шматлікім, таму нашчадкі розных галін называлі сябе імёнамі па бацьку і па дзеду, але агульнае родавае прозвішча Свірскія заставалася за ўсімі. Свірскія выходзілі на вайну, у апалчэнне адным атрадам са сваімі баярамі і служылымі людзьмі пад камандай Свірскага або Крэўскага харунжага. Яны мелі права набіраць воінаў у атрад і з тых маёнткаў, што былі прададзены або перададзены другім.
Свірскія – найстаражытнейшы княжацкі род Віленскага ваяводства ў Вялікім княстве літоўскім. Пасля ўніі Літвы і Польшчы польскія паны ў Горадлі (1413) у знак братняй дружбы прапанавалі Свірскім далучыцца да сваіх рыцарскіх гербаў. Свірскія горда адказаліся, але смак і цікавасць да гербаў захавалі. Так з’явілася паданне пра паходжанне роду Свірскіх ад выхадца з Грэцыі Юліяна Дарапрындуса гербу “Гіпакентаўр”.
Род Свірскіх быў шматлікім, таму розныя нашчадкі называлі сябе імёнамі бацькоў і дзядоў, але агульнае радавое прозвішча Свірскія заставалася за ўсімі. Свірскія выходзілі на вайну, у земскае апалчэнне адным атрадам са сваім баярамі і служылымі людзьмі пад камандай Свірскага або Крэўскага харунжага. Яны мелі права збіраць воінаў у атрад і з маёнткаў, што былі прададзены або перададзены другім. У яго войску пад гербам Ліс служылі Хамінскія, рэзідэнцыя якіх была ў Альшэве.
Многія лініі Свірскіх князёў у 16 стагоддзі згаслі, другія паступова раздрабняліся і трацілі сваё багацце і значэнне. Хаця ў пачатку XIX ст. некаторыя са Свірскіх называліся князямі, але не былі зацверджаны ў Расійскай імперыі. У іх засталася толькі прывілея сумеснай вячэры ў плябаніі са святаром у час гадавых свят і шляхецкі гонар, а ў побыце яны нічым не адрозніваліся ад сялян. Пра іх жартавалі: “Гудзе, шуміць дуброва, едзе князь па дровы”.
Дочкі князёў Свірскіх, як і самі князі, уступалі ў шлюбныя саюзы з прадстаўнікамі розных шляхецкіх родаў (Валадковічаў, Салагубаў, Асціховічаў, Няміраў, Кізгайлаў, Матышковічаў). Стваралася адзінае згуртаванае шляхецкае саслоўе, нягледзячы на этнічнае паходжанне. Іх аб’ядноўвалі агульныя сацыяльныя інтарэсы, матывы патрыятычнага характару і адзіная дзяржаўная мова – беларуская, якой гэтыя феадальныя сем’і карысталіся ў побыце.
У пісьмовых помніках захаваліся звесткі пра 84 прадстаўнікоў гэтага роду, у т.л. пра 12 жанчын. Ужо ў дагаворы ВКЛ з Лівонскім ордэнам (1432), вялікім князем Жыймонтам Кейстутавічам і каралём Ягайлам (1433) стаяць подпісы князёў Аляксандра, Эрыка і Рамана Свірскіх. У 15-16 ст. многія свірскія князі займалі адказныя дзяржаўна-адміністрацыйныя пасады. Найбольш вядомымі былі наступныя:
1. Лінія Івана (Івашкі). Увогуле ўвайшоў у гісторыю як актыўны праваднік каталіцызму на Свіршчыне. За свой кошт ён у 1452 годзе пабудаваў драўляны касцёл, які праіснаваў 200 гадоў, праўнук Івана Войцех займаў пасаду Крэўскага і Свірскага харунжага, а другі праўнук Андрэй у 1528 годзе хадзіў у апалчэнне з 3 коннікамі, значыць, меў пад сабой толькі 72 сялянскія гаспадаркі. Унук князя Андрэя Мікалай быў дэпутатам ад Віленскага ваяводства на берасцейскім царкоўным саборы, дзе была прынята Брэсцкая царкоўная унія.
2. Лінія Рамана. Яго сын Пецька служыў у Слуцкіх князёў, меў 13 дзяцей, з іх – 7 сыноў. Андрэй Пецькавіч за свой кошт у 1462 годзе залажыў у Варнянах касцёл св. Юры, дзе быў пробашчам і Віленскім прэлатам і канонікам. Для ўзбагачэння Кабыльніцкага касцёла ён угаварыў усіх братоў павялічыць маёмасны ўклад. ЯкубПецькавіч быў харунжым, а Аляксандр Пецькавіч працягваў службу пасля бацькі ў Слуцкіх князёў, за што так атрымаў маёнтак. Пасля смерці маёнтак перайшоў яго сыну Ждану, які быў маршалкам (1527-1528), намеснікам князя Слуцкага Юрыя Сямёнавіча. Ждан выходзіў у апалчэнне з 5 ўласнымі коннікамі, значыць, у яго было 120 двароў сялянскіх.
МарцінПецькавіч меў 7 сыноў. Міхаіл Марцінавіч займаў пасаду берасцейскага падстарасты (1526). Выстаўляў 4-х коннікаў (г.з. меў 96 дамоў).
Унук Марціна Аляксандр Аляксандравіч у 1565 годзе выставіў на поле 12 коней з воінамі, г.з. уладанні яго складалі 288 сялянскіх гаспадарак. Яго меншы сын Якуб Аляксандравіч быў Ігуменскім намеснікам Віленскага біскупа В.Пратасевіча, потым гаспадарскім (вялікага князя) маршалкам, трэці сын Станіслаў быў у 1601-1615 гг. падсудкам у Ашмянах – другой асобай павятовага суда.
Міхаіл Пецькавіч меў 8 сыноў. Ад імені аднаго з іх – Болька атрымалі назву двор Болькава і вёска Болькаўшчына. Сын Болькі Лукаш быў вельмі дзелавым чалавекам. Ён значна павялічыў свае ўладанні: купляе 2 двары ў Свіры, Мікалаеўшчызну, Страчу, набыў права на Слуцкія маёнткі Вызну, Усава і Прусы. Прымаў ўдзел у Лівонскай вайне (1560), быў пісарам Віленскага ваяводы. Ён добра ведаў рымскае права, таму ў 1584 годзе ўвайшоў у склад камісіі па стварэнню статута ВКЛ 1588г. Быў прыдворным вялікага князя (1565) і гаспадарскім маршалкам. У 1456 годзе быў назначаны Крэўскім старастам, прымаў удзел у рабоце Люблінскага сойму, яго подпіс стаіць пад актам Люблінскай уніі. У 1578 годзе на сойме атрымаў каралеўскі прывілей на 2 вескі ў Жамойці (у 1578 годзе на сойме прызначаецца зборшчыкам грошай ад “паборцаў” (зборшчыкаў падаткаў). Памёр у 1593 годзе.
Яго брат Януш таксама быў удзельнікам Лівонскай вайны, потым мастаўнічым (кіраваў будаўніцтвам мастоў) у Полацкім ваяводстве, у 1566 г. становіцца гаспадарскім маршалкам. Ад Жамойцкай зямлі быў абраны паслом на Люблінскі сойм (1569), дзе быў выбраны ў камісію па дапрацоўцы статута ВКЛ. Як дэпутат і гаспадарскі маршалак падпісаў акт Люблінскай уніі, упраўляў каралеўскім маёнткам Боны ў Мядзелі. Быў адным з актыўных прыхільнікаў кальвінізму ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве, за яго кошт быў адкрыты ў Свіры кальвінісцкі збор (малітоўны дом). Уся шляхта ваколіцы і многія сяляне прынялі кальвінізм.
У 1579 годзе ў Свіры быў кароль Стэфан Баторый, у Свіры адбывалася ваенная нарада, на якой было вырашана ісці на Полацк. 12 ліпеня Баторый выдаў маніфест – зварот да воінаў з заклікам вызваліць Полацк. У 1588 годзе Януш прызначаецца віленскім намеснікам. Памёр у 1597 годзе.
Князі Аляксей і Юрый Свірскія аднымі з першых прызналі Дзмітрыя Самазванца (Лжэдзмітрыя), які наведаў іх маёнтак, адзін з князёў у 1605 пайшоў з Лжэдзмітрыем на Маскву, быў у яго войску ваяводам.
Потым яго Лжэдзмітрый пасылаў для вярбоўкі ў войска казакоў. Леў-Ян Свірскі быў маршалкам Рэчыцкага павету Мінскага ваяводства (1619). Юрый Свірскі быў дэпутатам на фіскальны трыбунал ад Смаленскага ваяводства. Марка быў слаўным ротмейстрам пры каралі Аўгусце (1629). На лекцыйным (выбарчым) сойме ў 1648 годзе ад Трокскага ваяводства быў Міхаіл Свірскі. Князь Ярош Свірскі ў 1663 годзе быў гродскім Слонімскага суда, Самуэль – суаўтар Канстытуцыі 1648 года, у 1674 годзе Мінскім земскім суддзёй і Ашмянскім падчашым (1726). У XVIII ст. род страціў свой уплыў, але ў Свіры дабыў аж да ХІХ ст. і цалкам згас 17 мая 1820 года, калі памёр Ігнацый Свірскі, які пахаваны на свірскім магільніку.
Свірскія-старадаўні княжацкі род на Беларусі і Літве. Мелі герб “ЛісVI, альбо Свірскі”: у чырвоным полі двойчы перакрыжаваная сярэбраная страла наканечнікам уверх, над шлемам княжацкая карона.
Князі Свірскія былі нашчадкамі літоўскіх племянных, потым удзельных князёў. Паводле легендарных звестак, паходзілі ад Даўмонта. Род князёў Свірскіх валодаў шматлікімі маёнткамі.
Першыя звесткі аб князях Свірскіх адносяцца да першай паловы 15 стагоддзя.
Род князёў Свірскіх падзяляўся на асноўныя лініі, якія паходзілі ад братоў Івашкі і Рамана.